Холм Легрэйд выйграў мас-старт на ЧС па біятлоне ў Славеніі
У славенскай Паклюцы мужчынскай гонкай з масавым стартам на 15 км з чатырма агнявымі рубяжамі завяршыўся чэмпіянат свету па біятлоне.
Пераможцам у заключным відзе праграмы стаў нарвежац Стурла Холм Легрэйд, які не зачыніў адну мішэнь і пераадолеў дыстанцыю гонкі за 36 хвілін 27,2 секунды. На 10,2 секунды ад яго адстаў суайчыннік Ёханэс Даль, які дапусціў два промахі на агнявых рубяжах. Замкнуў тройку наймацнейшых француз Кент Фіён Маі. Беларусы ў дадзеным выглядзе праграмы планетарнага форуму не выступалі.
У жанчын перамагла аўстрыйская біятланістка Ліза Тэрэза Хаўзэр.
Дыстанцыю працягласцю 12,5 км з чатырма агнявымі рубяжамі пераможца пераадолела за 36 хвілін 5,7 секунды, не дапусціўшы промахаў пры стральбе. На 21,7 секунды ад лідара адстала нарвежка Інгрыд Ландмарк Тандрэвольд. Бронзу выйграла яшчэ адна спартоўка з Нарвегіі Тырыль Экхаф. Што тычыцца беларусак, то Дынара Алімбекова дапусціла сем промахаў на стрэльбішчы і ў выніку заняла 26-е месца, адстаўшы ад пераможцы на 3 хвіліны 12,3 секунды. Ганна Сола завяршыла гонку на 30-й пазіцыі.
У медальным заліку турніру першынствавалі нарвежцы: у іх на рахунку 7 залатых, 3 срэбраныя і 4 бронзавыя ўзнагароды. Другое месца за французскай камандай. Замкнула тройку наймацнейшых шведская дружына. Беларуская нацыянальная каманда дзякуючы бронзаваму медалю Ганны Солы размясцілася на сёмай пазіцыі.
„Мінчанка” на выездзе прайграла „Уралачцы” ў матчы чэмпіянату Расеі
„Мінчанка” на чужым полі саступіла „Уралачцы” ў матчы адкрытага чэмпіянату Расеі па валейболе – 1:3. Самай выніковай у беларускай камандзе стала Маргарыта Сцепаненка, якая набрала 20 ачкоў, зрабіла адзін эйс і два блокі. Такім чынам, у „Мінчанкі” засталося сем перамог, 20 ачкоў і 11-е месца ў турнірнай табліцы суперлігі.
БАТЭ завяршыў зборы ў Турцыі перамогай над клубам з ФНЛ і нічыёй з «Ліепаяй»
БАТЭ завяршыў праграму кантрольных матчаў на зборах у Турцыі. Напярэдадні былі згуляныя адразу два спарынгі. Днём падначаленыя Віталя Жукоўскага абыгралі з мінімальным лікам расейскі клуб з ФНЛ «Тэкстыльшчык» 1:0. А ўвечары «жоўта-сінія» не змаглі ўтрымаць перамогу над латвійскай «Ліепаяй» – 1:1. Ужо 2 сакавіка БАТЭ ў Менску згуляе супраць «Шахцёра» ў матчы за Суперкубак Беларусі.
Павел Сядзько падпісаў гадавы кантракт з берасцейскім „Дынама”
22-гадовы беларускі паўабаронца Павел Сядзько падпісаў кантракт з берасцейскім „Дынама”. Пагадненне разлічана да канца года, паведамляе афіцыйны сайт берасцейскага клуба. Другую частку мінулага сезону футбаліст правёў у складзе дынамаўцаў, згуляў 12 матчаў у чэмпіянаце і вызначыўся адным голам. Таксама берасцейскае „Дынама” арандавала Дзмітрыя Сібілева і Яраслава Арэшкевіча ў „Руха”. Арэнднае пагадненне двух паўабаронцаў разлічана да завяршэння сезону.
„Інтэр” разграміў „Мілан” у матчы лідараў серыі „А”
„Інтэр” у матчы 23-га тура чэмпіянату Італіі ў гасцях буйна перамог „Мілан” — 3:0. У складзе пераможцаў дублем адзначыўся форвард Лаутары Марцінэс, яшчэ адзін гол на рахунку Рамэлу Лукаку. „Інтэр” з 53 ачкамі лідыруе ў турнірнай табліцы серыі „А”. У „Мілана” – 49 балаў і другі радок. „Арсенал” на хатняй арэне саступіў „Манчэстар Сіці” ў матчы 25-га тура чэмпіянату Англіі – 0:1. Адзіны мяч забіў форвард Рахім Стэрлінг. „Гараджане” з 59 баламі лідзіруюць у турнірнай табліцы. „Манчэстар Юнайтэд”, перамогшы „Ньюкасл” 3:1, вярнуўся на другое месца, апярэджваючы „Лестэр” па дадатковых паказчыках. „Барселона” на Камп Ноў згуляла ўнічыю з „Кадысам” у матчы 24-га тура чэмпіянату Іспаніі — 1:1. „Барса” ідзе трэцяй у турнірнай табліцы з 47 ачкамі, адставанне ад лідара „Атлетыка” – восем балаў. „Манака” на выездзе „у сухую” перамог „ПСЖ” у матчы 26-га тура чэмпіянату Францыі — 2:0. „ПСЖ” з 54 ачкамі ідзе трэцім у турнірнай табліцы, у „Манака” 52 балы і чацвёртая пазіцыя.
„Вашынгтон” перамог „Нью-Джэрсі”. Шаранговіч не згуляў супраць Авечкіна
„Вашынгтон” на хатняй арэне абыграў „Нью-Джэрсі” ў матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ – 4:3. Беларускі нападнік „д’яблаў” Ягор Шаранговіч не трапіў у заяўку на паядынак. Больш за тое, беларускі нападнік адпраўлены ў запасны склад. Замест яго выкліканы расеец Міхаіл Мальцаў, паведамляе афіцыйны твітэр „д’яблаў”. „Вашынгтон” з 21 ачком ідзе другім на „Усходзе”, „Нью-Джэрсі” з 14 баламі – на сёмым радку.
Да гульняў у Токіа рыхтуюцца каля 260 беларускіх спартоўцаў
Да Алімпійскіх гульняў у Токіа рыхтуюцца каля 260 беларускіх спартоўцаў. Пра гэта на калегіі Мінспорту „Аб выніках працы ў 2020 годзе і задачах на 2021 год» распавёў кіраўнік міністэрства Сяргей Кавальчук. На заключным этапе рыхтуюцца да Гульняў каля 260 атлетаў у 26 відах спорту. Па стане на 19 лютага кваліфікацыйныя патрабаванні на права ўдзелу ў Гульнях выканалі 74 беларускія спартоўцы ў 16 відах спорту ў 64 дысцыплінах. Мяркуецца, што да завяршэння алімпійскага адборавага перыяду ў беларусаў будзе каля 110-120 ліцэнзій.
Беларускае Радыё Рацыя
Фото: pinterest.ru