Хто ўзначаліць зборную Беларусі па футболе?
Палітык і спартовы заўзятар Павел Знавец распавядае, які новы галоўны трэнер патрэбен зборнай Беларусі па футболе.
Нагадаем, днямі настаўнік нацыянальнай каманды Аляксандр Хацкевіч не прыняў умовы Беларускай федэрацыі футбола і адмовіўся далей кіраваць зборнай, якая часова засталася без кіраўніка.
Са слоў старшыні Беларускай федэрацыі футбола Сяргея Румаса, зараз разглядаецца шэраг кандыдатур (у тым ліку, і замежных) і ў бліжэйшы час будзе вырашана, хто стане новым галоўным трэнерам футбольнай зборнай.
Павел Знавец: Я лічу, што нашай зборнай вельмі добра падыходзіў бы Алег Дулуб. Той апошнім часам даволі ўдала трэніраваў “Крумкачоў”, якія патрапілі за некалькі гадоў у вышэйшую лігу. Вельмі талковы спецыяліст, але, на жаль, Дулуб ужо перайшоў трэніраваць “Карпаты”.
РР: Ці варта запрашаць замежніка?
Павел Знавец: Замежнік за капейкі сюды не паедзе. І які сэнс плаціць вялізныя грошы, калі вынік ўсё роўна аднолькавы – што пры беларускім трэнеры, што пры замежніку? Таму мне падаецца, што варта было б прадаставіць магчымасць дапрацаваць адборачны цыкл са зборнай каму-небудзь з айчынных трэнераў. А замежнікі – марная трата грошай. У нас не будзе нармальны ўзровень футбола хаця б да таго часу, пакуль не будзе нармальных стадыёнаў у Менску. Пакуль не будуць нармальна фінансавацца футбольныя школы. Але ж у нас лічаць, што Беларусь – хакейная краіна.
РР: Хацкевіч атрымліваў 240 тысяч даляраў у год. Гэта шмат для Беларусі?
Павел Знавец: Натуральна, шмат. Трэба браць самадастатковага трэнера, каб для яго было галоўнае не грошы, а любімая праца. І ўвогуле, гэта ганебная практыка, калі па кантракце трэнер атрымлівае грошы, незалежна ад таго, як згуляла яго каманда. Няхай бы заробкі трэнераў і футбалістаў наўпрост залежылі ад вынікаў каманды. Калі няма выніку, то няма і заробку. А пакуль чалавек працуе, можна даць невялікі аклад, а ўсё астатняе – па выніку. Дарэчы, такую практыку можна ўкараніць не толькі ў футболе, але і ў хакеі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя