Хто выступіць на футбольным Еўра-2020



Завяршыўся асноўны адборавы турнір да фінальнай часткі еўрапейскага футбольнага чэмпіянату. 20 дружын ужо дакладна выступяць на Еўра-2020. Яшчэ 4 вызначацца праз плэй-оф Лігі нацый.

Найперш пералічым усіх фіналістаў якія выйшлі з адборавых груп з першых-другіх месцаў:

A: 1. Англія, 2. Чэхія

B: 1. Украіна, 2. Партугалія

C: 1. Германія, 2. Нідэрлянды

D: 1. Швайцарыя, 2. Данія

E: 1. Харватыя, 2. Уэльс

F: 1. Іспанія, 2. Швецыя

G: 1. Польшча, 2. Аўстрыя

H: 1. Францыя, 2. Турцыя

I: 1. Бельгія, 2. Расея

J: 1. Італія, 2. Фінляндыя

Упершыню на Еўра з гэтых 20 дружын выступіць каманды Фінляндыі.

Па выніках адбору сфармаваныя ўжо ўсе кошыкі для лёсавання, якое, аднак, будзе толькі частковым.

Кошык 1: Бельгія, Італія, Англія, Германія, Іспанія, Украіна. Кошык 2: Францыя, Польшча, Швайцарыя, Харватыя, Нідэрлянды, Расея. Кошык 3: Партугалія, Турцыя, Данія, Аўстрыя, Швецыя, Чэхія. Кошык 4: Уэльс, Фінляндыя + чатыры пераможцы стадыі плэй-оф.

Паколькі Еўра-2020 будзе праходзіць у розных гарадах розных краін, падзел па фінальных квартэтах будзе размеркавальна-лёсавальным.

Спачатку прыгадаем усе краіны, дзе пройдзе фінальная стадыя Еўра (чэмпіянат пройдзе з 12 чэрвеня па 12 ліпеня): Азербайджан, Данія, Англія, Германія, Венгрыя, Італія, Нідэрлянды, Ірляндыя, Румынія, Расея, Шатляндыя, Іспанія.

Краіны, што прымуць Еўра, пры лёсаванні будуць разведзены. Аднак, гульні квартэту В пройдуць як у Пецярбургу, так і ў Капенгагене. Таму дружыны Расеі і Даніі апынуцца ў адной групе. Да ўсяго паводле палітычных прычын будуць разведзены Украіна (кошык 1) і Расея (кошык 2). А акрамя Украіны, дзяржавай гаспадыняй чэмпіяната Еўропы з першага мацнейшага кошыку не з’яўляецца толькі Бельгія. Таму Бельгія якраз трапіць у групу з Расеяй і Даніяй. Што цікава, бельгійцы ў адборавым турніры гулялі якраз з расейцамі і перамаглі іх двойчы – 3:1, 4:1.

Акрамя ўсяго, у групу В не патрапіць дружына Косава, калі пройдзе ў фінальную стадыю праз плэй-оф. Яе развядуць з Расеяй па палітычных матывах.

Таксама ўжо вядома, што Украіна апынулася ў групе С з камандай Нідэрляндаў.

Цяпер пра тое, як пройдзе плэй-оф у Лізе нацый, які вызначыць апошніх чатырох уладальнікаў квіткоў на Еўра.

Вось гэтыя шляхі з Лігі нацый (ад слабейшых з D да мацнейшых з А, выходзяць пераможцы квартэтаў):

„D”: Грузія — Беларусь, Паўночная Македонія — Косава. „С”: Шатляндыя — С4 (з лігі „С”), Нарвегія — Сербія. „В”: Боснія і Герцагавіна — Паўночная Ірляндыя, Славакія — Ірляндыя. „А”: Ісляндыя — А4 (з ліги „С), А2 (з лігі „С”) — А3 (з лігі „С”).

У паўфінальных парах першымі названыя гаспадары поля. Усе паўфіналы пройдуць 26 сакавіка, фіналы – 31 сакавіка.

Яшчэ 4 зборныя, якія будуць удзельнічаць у плэй-оф – гэта Балгарыя, Ізраіль, Венгрыя і Румынія. Іх шлях вырашыць жараб’ёўка – адна дружына пойдзе па шляху С, а іншыя тры далучацца да Ісляндыі на шляху А і будуць размеркаваны ў адпаведнасці з сваім рэйтынгам у Лізе нацый.

Беларускае Радыё Рацыя