Хуткі ветразь Таццяны Драздоўскай
Лідарка нацыянальнай каманды Беларусі па ветразевым спорце ў алімпійскім класе яхт „Лазер-Радыял” Таццяна Драздоўская заваявала сярэбраную ўзнагароду на этапе Кубка свету ў аўстралійскім Мельбурне. Па выніках дзевяці праведзеных гонак Таццяна Драздоўская набрала 36 ачкоў. Яна вельмі паспяхова правяла ўсю кваліфікацыйную серыю. Пасля стартавых чатырох гонак беларуска ўтрымлівала першую пазіцыю і саступіла лідарства спартоўцы з Вялікабрытаніі Элісан Янг толькі пасля пятай гонкі. Да фінальнай серыі, да ўдзелу ў якой дапускаюцца толькі 10 спартовак па выніках кваліфікацыі, Драздоўская падыйшла на другім месцы з сумай 30 ачкоў, захаваўшы шанцы на ўзнагароду вышэйшай пробы. У вырашальных медальных спаборніцтвах, дзе сума ачкоў падвойваецца, ёй удалося прыйсці да фінішу толькі восьмай, а Янг апынулася другой, стаўшы недасягальнай для суперніц па выніках ўсёй рэгаты. Бронза спаборніцтваў дасталася нарвежцы Ліне Флем Хост.
Другое месца Таццяны Драздоўскай на этапе Кубка свету дазволіла Беларусі выйсці на 4-ы радок медальнага заліку Міжнароднай федэрацыі ветразевага спорту, які вядзецца па выніках выступаў прадстаўніц розных краін у класе яхт „Лазер-Радыял” на этапах і ў фінале Кубку свету.
Беларускае Радыё Рацыя