Кіеўскае „Дынама” мае намер змяніць месца правядзення хатніх матчаў у еўракубках



Кіраўніцтва кіеўскага „Дынама” вырашыла змяніць месца дыслакацыі часовай хатняй арэны клуба ў Польшчы, паведамляе журналіст Пётр Сланко. Украінскі клуб мае намер змяніць стадыён ЛКС у Лодзі на хатнюю арэну польскай „Краковіі” – стадыён імя Юзэфа Пілсудскага, умяшчальнасцю каля 31 тысячы. Прычыны гэтага рашэння не раскрываюцца.

Да братоў Лісаковічаў з „Іслачы” праяўляюць цікавасць клубы з Харватыі і Расеі

Гульцамі „Іслачы” — братамі Дзмітрыем і Русланам Лісаковічамі — цікавяцца клубы вышэйшага дывізіёна Харватыі „Горыца” і „Шыбенік”. Таксама, паводле звестак football.by, да гульцоў праяўляе цікавасць адзін з клубаў расейскай прэм’ер-лігі. Кантракты з „ваўкамі” ў Лісаковічаў дзейнічаюць да канца сезону-2022. У гэтым сезоне 22-гадовы Дзмітрый прыняў удзел у 16 ​​матчах вышэйшай лігі, у якіх запісаў 1+1 па сістэме „гол+пас”. 20-гадовы Руслан згуляў 11 гульняў, забіў у іх 2 галы і тройчы асіставаў партнёрам.

Арына Сабаленка выйшла ў чвэрцьфінал турніру ў Цынцынаці

Арына Сабаленка (7 ВТА) выйшла ў чвэрцьфінал турніру ВТА-1000 у амерыканскім Цынцынаці. На стадыі 1/8 фіналу беларуска ў трох сэтах адолела амерыканку Шэлбі Роджэрс (30 ВТА) — 6:4, 6:7 (2), 6:4. За выхад у паўфінал Сабаленка паспрачаецца з кітаянкай Чжан Шуай (44 ВТА).

Аляксандра Сасновіч і расейка Кацярына Аляксандрава не змаглі прабіцца ў паўфінал парнага разраду гэта ж турніру. У 1/4 фіналу беларуска-расейскі дуэт прайграў пары Демі Схюрс (Нідэрланды) / Дэзірэ Краўчык (ЗША) — 1:6, 3:6.

Крысціна Дзмітрук прабілася ў паўфінал турніру ў Арэнсе

Крысціна Дзмітрук (377-ы нумар рэйтынгу ВТА) прабілася ў паўфінал турніру ў іспанскім Арэнсе. Беларуска абыграла першую ракетку турніру прадстаўніцу Нідэрландаў Аранчу Рус (85 ВТА) — 6:3, 5:7, 6:3. Крысціна Дзмітрук першай з беларусак згуляла пяцьдзясят матчаў у сезоне. Яна заваявала 37 перамог, працэнт выйгрышных сустрэч – 74,0, па гэтым паказчыку Крысціна лідыруе сярод беларусак.

Беларускае Радыё Рацыя