Кіеўскае „Дынама” саступіла „Ювентусу” без Раналду
Стартаваў групавы этап розыгрышу Лігі чэмпіёнаў. Каманды з суседніх краін – Расеі і Украіны прайгралі свае матчы.
Кіеўскае «Дынама» у сталіцы Украіны саступіла турынскаму «Ювентусу». Пры гэтым італьянскі клуб гуляў без Крышціяну Раналду (у якога каронавірус). Абодва галы забіў у другім тайме Марата – на 46-й і 84-й хвілінах. У Санкт-Пецярбургу мясцовы «Зеніт» саступіў бельгійскаму «Бруге» з лікам 1:2. Прычым усе тры галы забілі госці. На 63-й хвіліне вызначыўся Дэніс, затым мяч у сваю браму адправіў Хорват, а канчатковы лік быў усталяваны ў канцы дадатковага часу 19-гадовым Шарлем дэ Кетэларэ.
Гардзяйчук прызнаны найлепшым гульцом 26-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе
Берасцейскі дынамавец Міхаіл Гардзяйчук стаў лепшым гульцом 26-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі па версіі асацыяцыі „Беларуская федэрацыя футбола”. У пераможным паядынку з землякамі з „Руху” 5:2 30-гадовы паўабаронца „Дынама” забіў адзін мяч і аддаў дзве галявыя перадачы сваім партнёрам. Міхаіл Гардзяйчук уключаны ў сімвалічную зборную мінулага тура, куды ўвайшоў і яго аднаклубнік Аляксандр Наёк, а таксама жодзінскія тарпедаўцы Максім Бардачоў, Андрэй Хачатуран і Дзмітрый Анцілеўскі, мінскія дынамаўцы Уладзіслаў Клімовіч і Арцём Сухоцкі, Дзмітрый Гушчанка і Жуліа Сезар з „Віцебска”, Лазар Сайчыч з „Гарадзеі” і Максім Скавыш з барысаўскага БАТЭ. Максім Скавыш ўзначальвае спіс лепшых бамбардзіраў 30-га чэмпіянату Беларусі, забіўшы 15 мячоў.
Сабаленка і Мертэнс выйшлі ў 1/4 фіналу парнага разраду турніру ў Астраве
Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка і бельгійка Эліз Мёртэнс пераможна стартавалі ў парным разрадзе турніру ў чэшскай Астраве з прызавым фондам 528,5 тысяч даляраў. У матчы 1/8 фіналу беларуска-бельгійская пара адолела славацка-чэшскі дуэт Шанталь Скамлава / Джэсіка Малечкава – 5:7, 6:1, 10:5. У чвэрцьфінале Сабаленка і Мёртэнс згуляюць з латвійска-расейскім тандэмам Алена Астапенка / Вера Званарова, які абыграў беларуску Вікторыю Азаранку і чэшку Караліну Мухаву.
Хакеісты „Юнацтва” перамаглі „Шахцёр”
Хакеісты менскага „Юнацтва” перамаглі салігорскі „Шахцёр” у матчы чэмпіянату Беларусі. Матч на „Чыжоўка-Арэне” завяршыўся на карысць гаспадароў лёду з лікам 4:2. Сустрэча ў Менску праходзіла з перавагай шматразовых чэмпіёнаў Беларусі, аднак лік ім атрымалася адкрыць толькі ў канцоўцы стартавай траціны паядынку. На 20-й хвіліне матчу вызначыўся Раман Татліна.
У другім перыядзе мінчане працягнулі ціск закінуўшы яшчэ двойчы. На 36-й хвіліне матчу Станіслаў Лапачук рэалізаваў большасць. Праз хвіліну ў роўных складах шайбу закінуў Усевалад Кашкар. „Гарнякі” дадалі ў трэцім перыядзе, скараціўшы адставанне да мінімуму пасля шайбаў у выкананні Аляксандра Жыдкіх і Сяргея Станкевіча. Аднак надзеі на перавод сустрэчы ў авертайм разбіліся пасля таго, як на 59-й хвіліне вызначыўся Міхаіл Стэфановіч, які ўсталяваў канчатковы лік матча.
Менскае „Дынама” адправілася ў маскоўскае міні-турнэ без легіянераў
Менскае „Дынама” ўзяло курс на Маскву, дзе правядзе два бліжэйшыя матчы КХЛ – з аднаклубнікамі са сталіцы Расеі 21 кастрычніка і ЦСКА 23 кастрычніка. У выязны склад увайшлі 22 гульца, сярод іх няма ніводнага легіянера. У спісе траўмаваных знаходзяцца Уладзімір Алістраў, Кірыл Варонін, Раман Гарбуноў, Арцём Дзямкоў, Роб Клінкхамер, Брэндан Козун, Іван Ладня, Франсіс Парэ, Шэйн Прынс, Раян Спунэр, Максім Сушко, Дэні Тэйлар і Дамінік Фурх. Вячаслаў Грэцкі камандзіраваны ў „Дынама-Маладзечна”, Аляксандр Паўловіч застаўся ў Менску па медыцынскіх паказаннях, а Брэнан Менэл і Адам Альмквіст пакуль трэніруюцца па індывідуальнай праграме, – паведамляе сайт „зуброў”.
Два матчы валейбалістак „Менчанкі” ў расейскай суперлізе перанесены
Два матчы валейбалістак „Менчанкі” ў расейскай суперлізе, якія павінны былі адбыцца 21 і 24 кастрычніка, перанесены з-за станоўчага тэсту на COVID-19 у беларускай камандзе. Такая інфармацыя размешчана ў афіцыйным акаўнце „Вконтакте” беларускага клуба. „Менчанка” не зможа правесці бліжэйшыя два туры суперлігі з-за станоўчага тэсту на COVID-19 у беларускай спартовай дэлегацыі.
Беларускае Радыё Рацыя