Кіраўнік МЗС Латвіі вітаў рашэнні Nivea і Škoda адмовіцца ад спансавання ЧС па хакеі ў Менску



Міністр замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс вітаў рашэнне чэшскага аўтавытворцы Škoda і нямецкага касметычнага брэнда Nivea Men адмовіцца спансаваць чэмпіянат свету па хакеі, калі ён адбудзецца ў Менску.

„Пляскаю ў ладкі прынцыповай пазіцыі такіх кампаній, як Škoda і Nivea Men. ІІХФ (Міжнародная федэрацыя хакея. — БелаПАН.) павінна прыняць правільнае рашэнне. Менск — нядобрае месца для чэмпіянату свету па хакеі з-за грубых парушэнняў правоў беларускіх грамадзян нелегітымным рэжымам Лукашэнкі”, — напісаў міністр на сваёй старонцы ў „Твітэры”.

Латвія — суарганізатар ЧС-2021, які запланаваны з 21 мая па 6 чэрвеня ў Менску і Рызе. 11 студзеня Рынкевічс заявіў, што правядзенне турніру ў беларускай сталіцы „цалкам непрымальнае”, „амаральнае” і „супярэчыць прынцыпам спартыўных паводзінаў”.

Пазіцыю Škoda падтрымаў таксама міністр замежных спраў Чэхіі Томаш Петржычак„Дзякую Škoda. Рады, што флагман нашых фірм вырашыў не падтрымліваць збіванне дзяўчат і парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. Найлепшая рэклама — мець рэпутацыю прыстойных людзей”.

Ад спонсарства ЧС у Менску адмовілася таксама нямецкая кампанія па вытворчасці маторных маслаў Liqui Moly, а швейцарскі вытворца гадзінікаў Tissot заявіў пра фундаментальную каштоўнасць правоў чалавека і паведаміў, што накіраваў свае апасенні з гэтай нагоды ў ІІХФ.

Чакаецца, што 18 студзеня ІІХФ прыме канчатковае рашэнне пра лёс беларускай часткі чэмпіянату. 17 студзеня віцэ-прэзідэнт федэрацыі Калерва Кумала, які выступае за яе перанос з Менска, на сваёй старонцы ў „Твітэры” заклікаў дачакацца вечара наступнага дня і „паглядзець, што адбудзецца”.

11 студзеня для абмеркавання сітуацыі вакол ЧС-2021 Менск наведаў прэзідэнт ІІХФ Рэне Фазель. Яго абдымкі з Аляксандрам Лукашэнкам і сумеснае фота са старшынёй Федэрацыі хакея Беларусі Дзмітрыем Баскавым, якога падазраюць у дачыненні да падзей, якія прывялі да смерці актывіста Рамана Бандарэнкі, выклікалі хвалю крытыкі ў еўрапейскіх СМІ і хакейных колах кантынента, перш за ўсё паўночных краін.

 БелаПАН