Кірыл Альшэўскі падтрымаў затрыманага журналіста Аляксандра Івуліна



Галоўны трэнер берасцейскага ФК «Рух» Кірыл Альшэўскі падтрымаў затрыманага журналіста Аляксандра Івуліна. Пасля заканчэння пасляматчавай прэс-канферэнцыі Альшэўскі сказаў: «Сашы Івуліну — сіл». Раней першым з прадстаўнікоў вышэйшай лігі Івуліна падтрымаў футбаліст «Спутніка» Аляксандр Халадзінскі, а таксама гульцы ЧБ Дзмітрый Мазалеўскі і Віталь Трубіла, якія завяршылі кар’еру.

Журналіста Tribuna.com і аўтара канала «ЧестнОК» Аляксандра Івуліна падазраюць па крымінальным артыкуле «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія парушаюць грамадзкі парадак, ці актыўны ўдзел у іх». Івулін быў затрыманы 3 чэрвеня і на наступны дзень асуджаны на 30 сутак арышту. Яго асудзілі нібыта за сцяг на акне. 3 ліпеня Івулін павінен быў выйсці на волю, але гэтага не здарылася.