Кірыл Грышчанка дыскваліфікаваны на чатыры гады за допінг



Беларускі барэц грэка-рымскага стылю Кірыл Грышчанка дыскваліфікаваны на чатыры гады за ўжыванне допінгу.

Па рашэнні міжнароднай федэрацыі барацьбы, усе вынікі беларуса з 2019/06/30 па 2019/10/10 ануляваныя. Тэрмін адхілення скончыцца 2023/10/09, паведамляе сайт НАДА. Грышчанка заваяваў золата на Еўрапейскіх гульнях-2019 у Менску, аднак быў пазбаўлены ўзнагароды пасля станоўчага допінг-тэсту.

Зборная Беларусі стала чацвёртай у змешаных спаборніцтвах на чэмпіянаце свету

Зборная Беларусі спынілася за крок ад п’едэстала ў змешаных спаборніцтвах на чэмпіянаце свету-2021 па лыжнай акрабатыцы ў Алматы. У суперфінале Ганна Гуськова, Макар Мітрафанаў і Павел Дзік паказалі чацвёртую суму балаў. Чэмпіёнамі свету сталі спартоўцы з Расеі, серабро дасталося камандзе Швейцарыі, бронза – зборнай ЗША.

Такім чынам, беларускія фрыстайлісты засталіся без медалёў на чэмпіянаце свету па лыжнай акрабатыцы. Ніхто з беларускіх мужчын не прабіўся ў фінал і не змог пазмагацца за ўзнагароды, Ганна Гуськова стала пятай у жаночых спаборніцтвах. На мінулым чэмпіянаце свету-2019 у Юце золата беларускай камандзе прынесла Аляксандра Раманоўская.

„Гомель” і „Нёман” выдалі трэці па працягласці матч з гісторыі хакея

„Гомель” і „Нёман” правялі самы працяглы матч у гісторыі чэмпіянатаў Беларусі. Гарадзенцы абыгралі „рысяў” у пятым матчы 1/4 фіналу Кубка ў шостым авертайме. Паядынак працягваўся 169 хвілін 4 секунды. Акрамя таго, „Гомель” і „Нёман” згулялі трэці па працягласці матч у гісторыі прафесійнага хакея. Наперадзе толькі сустрэча „Дэтройта” і „Манрэаля” ў 1936 года (176 хвілін 30 секунд) і паядынак паміж нарвежскімі „Сторхамарам” і „Спартай” у 2017 годзе (217 хвілін 14 секунд).

 Кіліан Мбапэ пабіў рэкорд Ліянэля Месі

Нападнік „Пары Сен-Жэрмен” Кіліан Мбапэ пабіў рэкорд форварда „Барселоны” Ліянэля Месі ў Лізе чэмпіёнаў. 22-гадовы француз вызначыўся ў матчы ў адказ 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў з „Барселонай” (1:1). Ён стаў самым маладым гульцом у гісторыі, якія забілі 25 галоў у гэтым турніры. Яго дакладны ўзрост на гэты момант быў 22 гады і 80 дзён. Месі забіў 25 мячоў у Лізе чэмпіёнаў, калі яму было 22 гады і 286 дзён.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: belta.by