Клуб імя Мяшкова абышоў менскі СКА ў чэмпіянаце Беларусі
Берасцейскі гандбольны клуб імя Мяшкова другі раз абыграў менскі СКА і ўзначаліў турнірную табліцу чэмпіянату Беларусі.
У першай частцы цяперашняга першынства дзеючыя чэмпіёны краіны спачатку згулялі з армейцамі ўнічыю ў Менску – 34:34, затым там жа выйгралі з лікам 30:26, пасля чаго нечакана прайгралі на сваёй арэне з розніцай 10 мячоў – 23:33. Цяпер каманды зноў сустрэліся ў берасейскім спарткомплексе „Вікторыя”, і поспех ужо быў на баку БГК – 30:27. Гэты паядынак атрымаўся вельмі напружаны – першы тайм застаўся за СКА – 15:14, але пасля перапынку брастаўчане перахапілі ініцыятыву і змаглі парадаваць сваіх балельшчыкаў перамогай.
Пасля 17 сустрэч у БГК 30 ачкоў, СКА адстае на адзін бал.
На гэтым тыдні БГК імя Мяшкова адновіць выступленне ў Лізе чэмпіёнаў. У гульні 11-га тура каманда Сяргея Бябешкі 7 лютага прыме на сваёй пляцоўцы гасцей з дацкага „Ольбарга”. Пасля 10 матчаў у актыве берасейцаў 7 ачкоў і 6-е месца ў турнірнай табліцы групы В, „Ольбарг” займае 8-е, апошняе месца, набраўшы 4 балы. Лідзіруе французскі „Пары Сен-Жэрмен”, у якога 18 ачкоў.
Што датычыцца гандбалістаў СКА, то яны 7 лютага ў матчы нацыянальнага першынства згуляюць у сябе дома з магілёўскім клубам „Машэка”. Гэта сустрэча стане для падапечных Ігара Папругі апошняй праверкай перад стартам у групавым раўндзе другога па рангу кантынентальнага турніру – Кубка ЕФГ. Свой першы паядынак у групе А менскі СКА правядзе 10 лютага ў палацы спорту „Уручча” супраць нямецкага „Магдэбурга”. Акрамя гэтых каманд у квартэце А згуляюць славацкі „Татран” з Прэшава і дацкі „Б’ерынгбро” са Сількебарга.