Клумба Калумбіі



Клумба Калумбіі

Cёння на чэмпіянаце свету па футболе два чвэрцьфінальныя матчы. Наша традыцыйнае прэўю да іх. Першымі на поле ў горадзе Форталеза выйдуць дружыны Бразіліі і Калумбіі. Зборныя гістарычных суседзяў сустракаліся паміж сабой не так і шмат як для камандаў аднаго кантыненту – 25 разоў. Відавочная перавага ў гэтых спатканнях на баку пентакамеонаў – бразільцы выйгралі 15 матчаў, калумбійцы толькі 2, яшчэ 8 рандэву завяршыліся мірам. На мундыялях шляхі дружынаў не перасякаліся ніколі. Як гэта ні парадаксальна, але фаварытам гэтага паядынку трэба лічыць не тытулаваную Бразілію, а сціплую Калумбію. Аргенцінскі спецыяліст Хасэ Пекерман правёў удалую селекцыю і вырасціў на калумбійскай клумбе сапраўды шыкоўныя кветкі – Тэафіла Гуцьерас, Хаймес Радрыгес, Хуан Куадрада, Джэксан Марцінес, Абель Агілар выйшлі на пік формы і расквітнелі менавіта ў патрэбны час. Хаймес Радрыгес увогуле забівае ў кожнай гульні, калі калумбійцы пройдуць бразільцаў, то ён стане прэтэндэнтам нумар адзін на тытул лепшага футбаліста першынства. Калумбія шмат забівае, менш іншых прапусціла і гатовая нават не да сенсацыі, а да таго, каб узяць законнае сваё. Менавіта гэтага чакаюць заўзятары “лос-кафетэрас” і тыя, каму не падабаецца сённяшняя нуднаватая бразільская экіпа. Цікава, што калумбійцы на гэтым чэмпіянаце забілі ўжо 11 мячоў, а за папярэднія 4 удзелы ў сусветных форумах – толькі 14. У пентакампеонаў агульны паказнік складае 218 забітых мячоў – больш усіх. Але цяпер гульня зорных бразільцаў сапраўды ідзе са значным рыпам. Асноўныя надзеі шматмільённай тарсіды гаспадароў чэмпіянату зноў на індывідуальнае майстэрства Нэймара і адданую працу партнёраў. Зладжанасці ў дзеяннях селесао у папярэдніх матчах было не так шмат: пасля першага паядынку згубіўся таленавіты Оскар, у атацы коўдру на сябе часта беспадстаўна цягне магутны, але досыць прымітыўны Халк, ёсць сур’ёзныя праблемы ў сярэдзіне поля. Да ўсяго – страта з-за перабору жоўтых картак хвалярэза Луіса Густава, так патрэбнага ў разбурэнні і персанальнай апецы. І ўсё ж – у сваёй хаце і дзіркі грэюць. Так што чакаем матч з вялікім нецярпеннем і спадзяемся на аб’ектыўны арбітраж.

Еўрапейская класіка

Еўрапейскае дэрбі ў іншым чвэрцьфінальным матчы дня, які пройдзе ў Рыо-дэ-Жанэйра, выклікае яшчэ большы інтарэс. Шыльда “Францыя – Нямеччына” гаворыць сама па сабе. Краіны на роўні нацыянальных зборных сустракаліся таксама 25 разоў. І невялікая перавага тут у французаў – нашчадкі галаў перамагалі 11 разоў, а немцы – 8. Яшчэ 6 спатканняў прыносілі нічыі. Праўда, на чэмпіянатах свету баланс на карысць бундэсманшафт. У 1958-ым у Швецыі ў матчы за трэцяе месца разгромна перамаглі французы – 6:3, але пасля Германія ўзяла рэванш – у 1982-ім у эпічным севільскім паўфінале – 3:3 і па пенальці 5:4, а ў 1986-ым у Мексіцы таксама ў паўфінале 2:0. Атрымліваецца слова ў адказ за французамі. На баку трохкаляровых і іншыя статыстыка – цяперашні іх настаўнік Дзідье Дэшам не прайграваў пакуль у фінальных стадыях нікому – ні як гулец, ні як трэнер. Шлях французаў на гэтым мундыялі пакуль быў больш упэўнены, але трэба ўлічыць, што і супернікі ў Германіі былі больш моцнымі. Яўхіма Лёва турбуюць траўмы сваіх выхаванцаў: абаронец Шкодран Мустафі больш згуляць на гэтым турніры ня здолее, акрамя гэтага пашкоджанні ў Лукаша Падольскага, Басцьяна Швайнштайгера, Жэрома Баатэнга, прастудзіўся Матс Хумельс. Прыхільнікі тэўтонцаў чакаюць ад Лёва, што ён абярэ на гэты раз больш адважную тактыку і выпусціць у стартавым складзе двух форвардаў, у тым ліку Андрэ Шупле. Ну і дасць пазней шанец Міраславу Клозэ, які можа аднаасобна стаць лепшым бамбардзірам чэмпіянатаў свету за ўсю гісторыю. Цяпер у нападніка, як і ў бразільца Раналда, 15 галоў. Можна чакаць дуэлі аднаклубнікаў: французскія рэалаўцы Рафаэль Варан і Карым Бензема супраць натуралізаванага немца Самі Хедзіры, а таксама арсеналец Аліўе Жыру супраць трыо нямецкіх лонданцаў. У кожным разе сёння адзін з гістарычных чэмпіёнаў свету скончыць свой турнірны шлях. Напэўна больш у разе паразы будуць перажываць у Нямеччыне, якая з 1990 году, ужо 24 гады не выйгравала чэмпіёнскі тытул.

Уладзімір Хільмановіч/Uladzimir Khilmanovich, Беларускае Радыё Рацыя