Кнігу пра гісторыю слонімскага футбола – у падарунак ветэранам



Падчас футбольнага матча “Слонім-2017” – “Лакаматыў” (Гомель) у перапынку паміж таймамі, адбылася прэзентацыя кнігі Сяргея Чарамісіна і Аляксандра Захаранкі “Футбол Слоніма. Ад каманды завода да прафесійнага клуба, 1969-1993”, якая нядаўна пабачыла свет у Менску. 

Аўтары кнігі запрасілі на прэзентацыю ветэранаў слонімскага футбола, якія гулялі ў футбол за Слонім у 1969-1993 гадах, і ўручылі кожнаму, хто змог прыйсці на стадыён, па адным асобніку ўнікальнага выдання.

Сяргей Чарамісін і Аляксандр Захаранка выступілі перад балельшчыкамі і адзначылі, што гэта толькі першая спроба і першае падобнае выданне пра гісторыю слонімскага футбола. “Праца над кнігай працягвалася два гады. Але гэтым выданнем мы абмяжоўвацца не будзем. Сёння збіраюцца новыя факты, успаміны, фотаздымкі пра слонімскі футбол, і з дапамогай ветэранаў футбола, заўзятараў і слонімцаў, з цягам часу мы дапоўнім выданне і выдадзім новае”, – сказаў Сяргей Чарамісін.

Аляксанд Захаранка падчас прэзентацыі нагадаў слонімцам, што яны наведалі Гародню, дзе таксама ўручылі кнігі тым футбалістам, якія там жывуць, і якія некалі гулялі за слонімскія каманды.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара