Конар МакГрэгар абвясціў пра вяртанне ў актагон



Былы чэмпіён UFC Конар МакГрэгар абвясціў пра вяртанне ў актагон. Ірландскі баец правёў першую паўнацэнную трэніроўку пасля траўмы ў трэцім паядынку з Дасцінам Пар’е. Магчыма, наступным сапернікам МакГрэгара зноў стане Пар’е, які 12 снежня пазмагаецца за пояс з Чарльзам Алівейрам.

Ілья Івашка абыграў Альберта Рамаса ў першым крузе турніру ў Парыжы

Беларус Ілья Івашка (46 АТП) правёў паядынак з іспанцам Альбертам Рамасам (44) у першым крузе турніру АТП-1000 у Парыжы. Матч завяршыўся перамогай беларуса з лікам 6:3, 7:6. Наступны сапернік ужо вядомы. 3 лістапада наш суайчыннік згуляе з Даніілам Мядзведзевым.

Шымановіч прайграла Мінен на старце фіналу Кубка Білі Джын Кінг

У Празе пачаўся фінальны турнір Кубка Білі Джын Кінг (былы Кубак Федэрацыі) з удзелам 12 лепшых жаночых тэнісных зборных планеты. У першым адзіночным паядынку папярэдняй групы B беларуская тэнісістка Ірына Шымановіч (263-і нумар сусветнага рэйтынгу) прайграла ў двух сэтах бельгійцы Грэцье Мінен (70) – 2:6, 2:6. У другім адзіночным матчы лідар зборнай Аляксандра Сасновіч (88) згуляе з першай ракеткай каманды Бельгіі Элізе Мертэнс (18).

Антон Асташэвіч дэбютаваў у WHL

„Калгары Хітман” пацярпеў хатнюю паразу ад „Рэд Дзір Рэбэлз” — 2:3 (1:0, 0:1, 1:2) у рэгулярным чэмпіянаце Заходняй хакейнай лігі (WHL). У складзе гаспадароў дэбютаваў беларускі нападнік Антон Асташэвіч (2004), мінулым летам абраны на імпарт-драфце CHL у другім раундзе пад 92-м нумарам. Антон выканаў 3 кідкі ў брамку і завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці „0”.

Аляксея Протаса выклікалі ў «Вашынгтон”, ён можа дэбютаваць у НХЛ

Беларускі нападнік Аляксей Протас выкліканы ў размяшчэнне „Вашынгтон Кэпіталс”. Hockey.by перадае, што форвард можа дэбютаваць у НХЛ. У ноч з 1 на 2 лістапада „Вашынгтон” згуляе ў гасцях у паўнамоцнага ўладальніка Кубка Стэнлі „Тампы”. Аляксей Протас напярэдадні прапусціў матч „Хершы” супраць „Кліўленда” (4:3 АД). У папярэдніх 6 матчах беларус набраў 4 (1+3) дзейсныя балы пры паказчыку карыснасці „+3”.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя