Крах лонданскага “Арсенала”
Сенсацыяй завяршыўся першы матч 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў паміж лонданскім «Арсеналам» і французскім «Манакам». Цяперашняя каманда Арсена Венгера згуляла супраць яго былой дружыны адзін з горшых матчаў сезона. Лік у матчы быў адкрыты на 38-й хвіліне. Алмамі Турэ адабраў мяч на правым флангу, пакаціў яго на Жаау Мауцінью, той выканаў перадачу далей, на Жафрэя Кандогбіа, які прабіў з-за межаў штрафной – мяч пасля рыкашэту ад Мертэзакера па дузе ўляцеў у браму міма дэзарыентаванага Давіда Аспіны. У пачатку другога тайма «Манака» падвоіў сваю перавагу. Памылка «Арсенала» ў цэнтры поля прывяла да хуткай контратацы гасцей. Антоні Мартціаль ўцёк па левым фланзе і аддаў мяч на Дзімітара Бербатава, які ўпэўнена выкарыстаў момант, моцна прабіўшы пад левую штангу. «Арсенал» здолеў адыграць адзін гол ў кампенсаваны час – Алекс Окслейд-Чэмберлен выдатна злавіў адскок футбольнага снарада і прабіў па недаступнай для брамніка траекторыі ў правую дзявятку. Аднак ужо праз тры хвіліны «Манака» ўдалося забіць трэці гол. Окслейд-Чэмберлен страціў мяч у цэнтры поля, Бярнарду Сілва выканаў хуткую перадачу наперад, а Янік Ферэйра-Караска уварваўся ў штрафную і дакладна прабіў нізам у далёкі кут.
У другім матчы чэмпіён Іспаніі мадрыдскі «Атлетыка» прайграў леверкузенскаму «Байеру». Адзіны мяч быў забіты на 57-й хвіліне: Хакан Чалханаглу, атрымаўшы перадачу ад Карыма Беларабі, забіў мяч пад перакладзіну брамы гасцей. Адзначым, што фіналіст мінулага розыгрышу Лігі чэмпіёнаў быў змушаны заканчваць сустрэчу ўдзесяцёх: на 77-й хвіліне другое папярэджанне атрымаў Цьягу Мендэш.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя