Крэйг Вудкрафт ўзначаліў менскае „Дынама”, Міхаіл Грабоўскі – асістэнт



Канадскі спецыяліст Крэйг Вудкрафт прызначаны галоўным трэнерам менскага „Дынама”.

hcdinamo.by

Асіставаць 49-гадоваму адмыслоўцу будзе былы форвард „Манрэаля”, „Таронта”, „Вашынгтона”, „Айлендэрс” і „Вегаса” Міхаіл Грабоўскі. Раней Вудкрафт ужо ўзначальваў „зуброў” у найбольш паспяховым для каманды сезоне-2016/17. Тады „Дынама” заняло 9-е месца па выніках „рэгуляркі” і плэй-оф. Грабоўскі афіцыйна не абвяшчаў пра завяршэнне кар’еры, але знаходзіцца па-за гульнёй з лютага 2016-га, калі, выступаючы за „Айлендэрс”, атрымаў чарговае страсенне мозгу. Наступствы траўмы галавы да гэтага часу даюць ведаць.

Зборная Беларусі апусцілася на 82-е месца ў рэйтынгу ФІФА

Пасля адборавых матчаў чэмпіянату Еўропы-2020 супраць каманд Германіі (0: 2) і Паўночнай Ірландыі (0: 1) зборная Беларусі апусцілася з 81-га на 82-е месца ў рэйтынгу ФІФА. У яе скарбонцы 1286 ачкоў – на 15 менш, чым па выніках папярэдняй класіфікацыі. Столькі ж балаў у актыве ў зборных Ізраіля і Узбекістана. Узначальвае рэйтынг па-ранейшаму зборная Бельгіі (1746 ачкоў).

Ілля Івашка зняўся з „Чэленджара” у Ілклі

Першая ракетка Беларусі Ілья Івашка не будзе прымаць удзел у турніры ў ангельскай Ілклі, які стартуе 17 чэрвеня. Як паведамляе Boticcelli ў твітары, тэнісіст значыўся ў аснове гэтага „Чэленджара”, аднак у выніку вырашыў зняцца.

Дыега Марадона растаўся з мексіканскім „Дарадасам”

Ганаровы прэзідэнт берасцейскага „Дынама” Дыега Марадона – больш не галоўны трэнер „Дарадаса”, які выступае ў другім дывізіёне чэмпіянату Мексікі. 58-гадовы аргентынец пакінуў пасаду па стане здароўя. Марадона узначальваў „Дарадас” з верасня 2018 года. У студзені 2019-га яго шпіталізавалі з-за крывацёку ў страўніку.

Прэзентацыю Эдена Азара наведалі 50 тысяч чалавек

Прэзентацыя паўабаронцы Эдена Азара выклікала вялікую цікавасць у фанатаў „Рэала”. „Санцьяга Бернабеу” наведалі 50 тысяч чалавек. Азару не ўдалося пабіць рэкорд Крышціяну Раналду, тады „Бернабеу” наведалі 70 тысяч чалавек. Кантракт з футбалістам падпісаны тэрмінам на пяць гадоў. Паводле папярэдняй інфармацыі, «Рэал» заплаціў за 28-гадовага гульца 110 мільёнаў еўра.

Беларускае Радыё Рацыя