„Крумкачы” і БАТЭ выдалі „ураджайны” матч



Вельмі баявы і „ураджайны” матч выдалі ў пятніцу вечарам футбалісты сталічных „Крумкачоў” і барысаўскага БАТЭ. У захапляльным па сюжэце рандэву валявой перамогі дамагліся чэмпіёны краіны – 3:2.

Ужо на 5-й хвіліне лік адкрыў Максім Талейка. На 25-й рахункі параўняў з пенальці форвард БАТЭ Міхаіл Гардзяйчук. З тым і пайшлі на перапынак. На 56-й Аляксандр Бацішчаў зноў вывеў наперад „Крумкачоў”. Але ж вельмі хутка – на 62-й свой мяч забіў іншы нападнік барысаўцаў – Віталь Радзівонаў. Пераможныя тры ачкі БАТЭ прынёс на 87-й хвіліне Міхаіл Валадзько.

БАТЭ набраў пасля чатырох гульняў 8 ачкоў і выйшаў пакуль на сваё звыклае першае месца.

У іншым матчы 4-га тура, які прайшоў таксама 21 красавіка, „Віцебск” дома уратаваўся ў паядынку з жодзінскім „Тарпедам” – 1:1. На 73-й хвіліне ў гасцей вызначыўся Аляксандр Макась. Аднак перад самым фінальным свістком Кірыла Вяргейчык параўняў лічбы на табло.

Беларускае Радыё Рацыя