„Крумкачы” склалі крылы



23 тур футбольнага чэмпіянату Беларусі не прынёс нечаканых вынікаў. Чарговую паразу пацярпелі менскія „Крумкачы” – на гэты раз у сталічным дэрбі яны саступілі менскаму „Дынама” – 0:2. На 36-й хвіліне вызначыўся Арцём Быкаў, а на 64-й Уладзімір Хвашчынскі падвоіў перавагу бела-блакітных. „Крумкачы” ж свае шансы змарнавалі. Каманда Алега Дулуба прапускае мячы ў 10 матчах запар і ўжо 7 тураў не знае смаку перамогі.

Барысаўскі БАТЭ прадказальна разграміў аўтсайдара – наваполацкі „Нафтан” – 4:1. Дублем у гэтай сустрэчы вызначыўся Віталь Радзівонаў, які выбіўся ў аднаасобныя лепшыя бамбардзіры першынства – 13 галоў. На адзін мяч ад яго адстае аднаклубнік Міхаіл Гардзяйчук, які забіў навапалачанам ужо ў даданы час – на рахунку форварда стала 12 трапных стрэлаў.

Іншыя нядзельныя матчы завяршыліся так: „Слуцк” – „Граніт” (Мікашэвічы) – 0:1, „Іслач” – „Нёман” (Гародня) – 0:0, „Тарпеда” (Жодзіна) – ФК „Мінск” – 0:0, „Шахцёр” (Салігорск) – „Віцебск” – 1:0.

БАТЭ ўпэўнена ўзначальвае турнірную табліцу – 57 ачкоў, за сярэбраныя ўзнагароды значна падвысілі свае стаўкі „Шахцёр” -42 пункты і менскае „Дынама” – 38 ачкоў (у сталічнікаў на матч менш).

Беларускае Радыё Рацыя