„Крумкачы” у Барысаве сенсацыйна перамаглі БАТЭ



У 19 туры футбольнага чэмпіянату Беларусі грымнула сапраўдная сенсацыя. У Барысаве пры сваіх гледачах чэмпіён краіны саступіў менскім „Крумкачам” – 2:3

Пасля першага тайму каманда Аляксандра Ермаковіча „гарэла” з лікам 0:2. Спярша Філіп Іваноў, які нечакана вярнуўся ў стан „груганоў” рэалізаваў пенальці (20-я хвіліна), а яшчэ праз 6 хвілін форвард Аляксандр Філановіч падвоіў лік. Пасля перапынку, здавалася, БАТЭ сур’ёзна ўзяўся за справу. Міхаіл Гардзяйчук (48-я хвіліна) і Мікалай Сігневіч (56-я) хутка параўнялі лічбы на табло. Але, як не дзіўна, апошняе слова засталося за „Крумкачамі”. Паўнавартасныя тры ачкі ім прынёс іншы ІваноўУладзіслаў, які апошнім часам выклікаўся ў нацыянальную дружыну Малдовы.

Страціў ачкі і іншы прэтэндэнт на золата нацыянальнага чэмпіянату. Салігорскі „Шахцёр” упэўнена перамагаў у Берасці 2:0, але праваліў апошнюю дзесяціхвілінку. На галы Эдгара Аляхновіча (некалі выступаў якраз за берасцейцаў) і харвата Томіслава Кіша гаспадары поля адказалі ў канцоўцы трапнымі стрэламі Дзмітрыя Алісейкі і Арцёма Мілеўскага – у выніку баявая нічыя 2:2.

Гарадзенскі „Нёман” страціў цудоўную мажлівасць падцягнуцца да трыа лідараў, чым моцна засмуціў сваіх прыхільнікаў. Пад праліўным дажджом гарадзенцы саступілі на сваім полі менскаму „Дынама” – 0:1. Адзіны гол у сустрэчы на рахунку сербскага хаўбека Ураша Нікаліча (70-я хвіліна).

Вяршыня турнірнай табліцы зараз выглядае так: 1. „Шахцёр” – 44 ачкі, 2. „Дынама” (Менск) – 43, 3. БАТЭ – 39, 4. „Нёман” – 32.

Беларускае Радыё Рацыя