„Крумкачы” вярнуліся ў тройку лідараў
У матчы 16-га туру менскі клуб адолеў у сталіцы бабруйскую „Белшыну” – 2:1. Гэта была валявая перамога падапечных трэнера Алега Дулуба. У першым тайме спачатку вызначыліся госці – на 14-й хвіліне мяч забіў Герасімаў. „Крумкачы” адыграліся на пачатку другой паловы – гэта Вячаслаў Глеб (на фота) удала скарыстаўся пасам Яўгена Шыкаўкі. Гэты ж дуэт арганізаваў і другі гол – на гэты раз Глеб замкнуў прастрэл партнёра з левага флангу. Ішла 81-я хвіліна матчу.
Іншыя сустрэчы 16 туру, якім распачаўся другі круг, прынеслі наступныя вынікі: „Граніт” (Мікашэвічы) – „Нёман” (Гародня) – 0:1 (гол – Павел Савіцкі), „Слуцк” – „Славія” (Мазыр) – 1:0, „Нафтан” (Наваполацк) – „Іслач” – 0:2, БАТЭ (Барысаў) – „Дынама” (Берасце) – 2:0, „Шахцёр” (Салігорск) – „Гарадзея” – 2:2, ФК „Віцебск” – ФК „Менск” – 0:0.
Вяршыня турнірнай табліцы зараз выглядае так: БАТЭ (Барысаў) – 38 ачкоў, „Шахцёр” – 28, 3. „Крумкачы” – 27, 4. „Дынама” (Менск) і ФК „Менск” – па 26. У дынамаўцаў, праўда, яшчэ адзін матч у запасе.
Спіс лепшых бамбардзіраў узначальваюць Мікалай Януш („Шахцёр”) і Міхаіл Гардзяйчук (БАТЭ) – па 9 галоў.
Беларускае Радыё Рацыя