Крыніца: БГК імя Мяшкова атрымаў „уайлд кард” і згуляе ў Лізе чэмпіёнаў
Паводле інфармацыі польскага выдання „Przeglad Sportowy”, „Вісла” з Плоцка не ўвайшла ў лік каманд, якія атрымаюць „уайлд кард” у Лігу чэмпіёнаў. Шасцёрку шчасліўчыкаў склалі венгерскі „Пік”, беларускі БГК імя Мяшкова, французскі „Нант”, славенскі „Цэле”, нарвежскі „Эльверум” і бухарэсцкае „Дынама”. Канчатковы склад удзельнікаў наймацнейшага клубнага турніру Еўропы афіцыйна будзе абвешчаны 19 чэрвеня пасля паседжання выканкама ЕГФ. Лёсаванне Лігі чэмпіёнаў пройдзе 1 ліпеня.
Беларуска Валянціна Несцярук падпісала кантракт з польскім „Яраславам”
Распасоўніца зборнай Беларусі па гандболе Валянціна Несцярук падпісала кантракт з польскім „Яраславам”. Раней Несцярук выступала за „Люблін”. Мінулы сезон гандбалістка прапусціла з-за нараджэння дзіцяці.
Менскае „Дынама” шукае гульцоў сярод свабодных агентаў
Менскае „Дынама” вядзе пошук хакеістаў на рынку свабодных агентаў. „Кіраўніцтва менскага „Дынама” разаслала вядучым агентам КХЛ ліст з просьбай прадаставіць інфармацыю пра гульцоў, якія засталіся ў іх на рынку свабодных агентаў. Падобна на тое, што беларускі клуб нарэшце пачаў фарміраваць склад на наступны сезон”, – адзначае телеграм-канал „Хакей без гледачоў „.
УЕФА распавёў, як пройдзе адбор на чэмпіянату свету 2022 года
Твітар УЕФА паведаміў, што ў арганізацыі вызначыліся з фарматам правядзення кваліфікацыйнага турніру чэмпіянату свету-2022. Пераможца кожнай з 10 адборавых груп атрымае пуцёўку на ЧС-2022 напрамую. Каманды, якія занялі другія месцы, а таксама дзве лепшыя каманды з Лігі нацый прымуць удзел у плэй-оф, дзе вызначацца ўладальнікі яшчэ трох пуцёвак на ЧС-2022. Чэмпіянат свету 2022 года пройдзе ў Катары з сярэдзіны лістапада па сярэдзіну снежня.
Міжнародныя спаборніцтвы па барацьбе адновяцца з верасня
Міжнародная федэрацыя барацьбы (UWW) з верасня аднаўляе спаборніцтвы. Такая інфармацыя змяшчаецца на афіцыйным сайце арганізацыі. Рашэнне аб гэтым прынята на онлайн-нарадзе бюро United World Wrestling. Першымі вернуцца на дыван юнакі, юніёры і моладзь да 23 гадоў. У прамежку паміж 1 верасня і 30 кастрычніка плануецца правесці кантынентальныя першынства для гэтых узроставых катэгорый.
Андрэй Гусаў узначаліў польскі клуб
Беларускі спецыяліст Андрэй Гусаў працягне кар’еру ў польскім клубе „Падхале”. Да гэтага трэнер працаваў у „Тыхы”, з якім двойчы станавіўся пераможцам чэмпіянату Польшчы па хакеі, а таксама ўладальнікам Кубка Польшчы і Суперкубка, паведамляе hockey.by. Мінулы сезон, перарваны з-за пандэміі каронавіруса, „Падхале” завяршыў на трэцім месцы турнірнай табліцы.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя