Крысціна Ціманоўская абвергла падачу дакументаў на польскае грамадзянства
Беларуская спартоўка Крысціна Ціманоўская абвергла, што падавала дакументы на атрыманне грамадзянства Польшчы.
Яна напісала ў Instagram: „У мяне з сабой акрамя пашпарта нічога няма! А для падачы дакументаў, трэба сабраць вельмі шмат папер. Усе гэтыя дакументы ў мяне знаходзяцца ў Беларусі”.
Ціманоўская піша далей, што адбылася „няправільная інтэрпрэтацыя перакладу інтэрв’ю”, у якім гаворка ішла пра спартыўнае грамадзянства. Маецца на ўвазе яе інтэрв’ю нямецкім журналістам. Спартоўка не мае намеру „адмаўляцца ад беларускага грамадзянства”, паколькі лічыць сябе „сапраўднай патрыёткай краіны”.
Крысціна Ціманоўская — беларуская лёгкаатлетка, якая набыла сусветную вядомасць у жніўні 2021 года. За эмацыйны каментар дзеянняў беларускіх спартыўных функцыянераў на Алімпіядзе ў Токіо, тыя спрабавалі яе прымусова выслаць з Японіі на радзіму. Тады Ціманоўская звярнулася па дапамогу да паліцыі і ў Міжнародны алімпійскі камітэт, выбухнуў скандал. Цяпер яна ў Польшчы.
Беларускае Радыё Рацыя