Крывушэнка звольнены з пасады галоўнага трэнера футбольнай зборнай



Ігар Крывушэнка звольнены з пасады галоўнага трэнера нацыянальнай зборнай Беларусі па футболе.

„Сёння ў Доме футбола адбылася сустрэча кіраўніцтва АБФФ з галоўным трэнерам нацыянальнай зборнай Ігарам Крывушэнкам. Па яе выніках было прынятае рашэнне аб спыненні супрацоўніцтва спецыяліста з АБФФ па ўзаемнай згодзе бакоў”, — паведаміла 13 чэрвеня прэс-служба федэрацыі футбола.

„Мы хацелі б падзякаваць Ігару Мікалаевічу за праведзеную працу. Ён прыняў каманду ў цяжкі момант і здолеў прайсці з ёй вялікі шлях, здабыўшы пуцёўку ў плэй-оф Лігі нацый. На жаль, вынікі ў адборачным турніры Еўра-2020 апынуліся не такімі, якіх чакалі заўзятары, эксперты і кіраўнікі федэрацыі. Разумеючы гэта, сумесна з галоўным трэнерам мы прыйшлі да высновы: зборнай патрэбны новы выклік. Як вынік — кантракт з Ігарам Крывушэнкам быў скасаваны па ўзаемнай згодзе”, — заявіў першы намеснік старшыні АБФФ Юрый Вяргейчык.

Таксама зборную пакідаюць памочнікі галоўнага трэнера Алег Кузьмянок і Валер Стрыпейкіс.

У першых чатырох матчах кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы-2020 беларуская каманда не набрала ніводнага ачка, прайграўшы Галандыі (0:4 у гасцях), Паўночнай Ірландыі (1:2 у гасцях, 0:1 дома) і Германіі (0:2). Становішча каманд у групе С: Паўночная Ірландыя — 12 ачкоў (4 гульні; розніца мячоў 7-2), Германія — 9 (3; 13-2), Галандыя — 3 (2; 6-3), Беларусь — 0 (4; 1-9), Эстонія — 0 (3; 1-12). Між тым перад зборнай стаіць задача заняць месца не ніжэйшае за трэцяе. У фінальную частку Еўра трапляюць толькі дзве лепшыя каманды квінтэта, аднак у Беларусі застаецца шанец выйсці туды праз Лігу нацый у наступным годзе.

Сам Крывушэнка ў адстаўку не збіраўся. „Я сваю працу раблю. У мяне ёсць мэта — пазмагацца за выхад на Еўра. Я думаю, любы трэнер марыў бы пра гэта. Што я буду заяўляць? Мы гулялі не з Сан-Марына… Кантакт з камандай ёсць… Ацэньваць не мне — ацэньваць кіраўніцтву”, — заявіў Крывушэнка 11 чэрвеня на прэс-канферэнцыі пасля заканчэння матча Беларусь — Паўночная Ірландыя.

belapan.by