Кубак Беларусі ў “Цмокаў”



Флагман айчыннага баскетболу каманда “Цмокі-Мінск” чарговы раз выйграла мужчынскі Кубак Беларусі. У фінале чатырох, які прайшоў у Гародні, сталічнікі, якіх трэніруе зараз Ігар Грышчук,  спярша ў паўфінале разабраліся з віцебскім “Рубонам”, а ў вырашальным паядынку ўпэўнена адолелі “Гродна-93” – 90:60. Найбольш выніковы у фінале ў менчукоў стаў Павал Ульянка – 11 ачкоў, у гаспадароў пляцоўкі – Канстанцін Яфрэмаў – на яго рахунку 10 пунктаў.

Трэцяе месца ў розыгрышы заняла каманда “Цмокі-2”, якая абыграла “Рубон” – 105:65.

Розыгрыш мужчынскага Кубку Беларусі па баскетболе прайшоў 18-ы раз. “Цмокі” выйгралі яго па-сутнасці 6-ы раз запар (у 2009-2011 гадах пад шыльдай “Мінск-2006”). “Гродна-93” заваёўваў пачэсны трафей 7 разоў. Тройчы перамагаў менскі “Віталюр”, а яшчэ два кубкі браў сталічны “Аўтазаводзец”.

Беларускае Радыё Рацыя