Кубак федэрацыі: Беларусь перамагла Германію



Беларускія тэнісісткі ў Браўншвайгу на чужой пляцоўцы датэрмінова перамаглі зборную Нямеччыны ў чвэрцьфінале Кубку федэрацыі.

Пасля першага дня, дзякуючы вікторыям Аляксандры Сасновіч і Арыны Сабаленкі, беларуская каманда была наперадзе 2-0.

У першай нядзельнай сустрэчы капітан нямецкай дружыны зрабіў замену: замест Таццяны Марыі на корт супраць Арыны Сабаленкі выйшла Лаура Зігемунд. Аднак, гэта мала што дало для германскай каманды. 

Сабаленка зараз знаходзіцца на піку фізічных кандыцый і ў першым сеце яна не дала малейшых агульных шанцаў суперніцы. Усё, што ўдалося немцы, гэта ўзяць у сярэдзіне сэту адзін гейм. Беларуска ўпэўнена выйграла першую партыю 6:1.

На пачатку другой партыі Зігемунд, якая, нагадаем, на апошнім турніры Australian Open выбіла з розыгрышу Вікторыю Азаранку, крыху актывізавалася. Аднак Сабаленка не выпусціла ніці гульні з сваіх рук, здзейсніла некалькі брэйкаў і ўрэшце праштампавала лакальны і агульны поспех – 6:1.

Такім чынам агульны лік пасля гэтай сустрэчы стаў 3-0 на карысць Беларусі і дзве апошнія гульні пераўтварыліся ў фармальнасць. Беларусь у паўфінале Кубку федэрацыі!

Ад апошняй адзіночнай гульні па згодзе каманд адмовіліся і такім чынам матч завяршаў парны паядынак. Беларускі дуэт Вікторыя АзаранкаЛідзія Марозава на супер-тай-брэйку перамог нямецкую пару Анна-Лена Гронэфэльд-Мона Бартэль – 6:1, 0:6, 11:9. У летапісе застанецца агульны лік 4-0 на карысць Беларусі.

У паўфінале беларуская дружына будзе змагацца з Аўстраліяй ці з ЗША.

Беларускае Радыё Рацыя