Кубак Федэрацыі: беларускі перамаглі каманду Нідэрляндаў



У тэнісным Кубку Федэрацыі беларуская дружына на выездзе ў драматычным змаганні перамагла каманду Нідэрляндаў – 3-2.

Паводле правіл Кубку дружына, якая прымае і арганізоўвае матч, выбірае і пакрыццё корту. Нідэрлянды, ведаючы, што беларускі куды мацней на хардзе, выбралі грунт, што стварыла камандзе пад кіраваннем Таццяны Пучак значныя цяжкасці.

Пасля першага дня спабору лік быў нічыйным – 1:1. Арына Сабаленка прагназавана разабралася з менш дасведчанай Аранчай Рус. А вось Аляксандра Сасновіч саступіла Кікі Бертэнс, якая на сёння 9-я ракетка свету.

У суботу першымі на корт выйшлі першыя ракеткі каманд. У двух сетах Бертэнс перамагла Сабаленку – 6:4, 6:4.

Пасля таго, як Сасновіч „пасыпалася” у першым сэце у матчы з Рус – 0:6, здавалася, што сітуацыя для Беларусі безнадзейная. Аднак, Аляксандра Сасновіч славіцца менавіта сваім характарам у камандавых матчах. Яна сканцэнтравалася і вырвала перамогу ў паядынку – 7:5, 6:2.

Такім чынам агульны лік стаў 2-2 і ўсё вырашала парная сустрэча. У такой сітуацыі Таццяна Пучак у дуэце з Сабаленкай нечакана заявіла не плануемую на пачатку Лідзію Марозаву, а…Сасновіч. Выглядала гэта на авантуру, але такая рызыкоўная стаўка сыграла. У драматычным змаганні беларускі на тай-брэйку з чацвёртага (!) матч-болу здолелі перамагчы, дасягнуўшы валявой вікторыі – 4:6, 6:3, 7:6 (10:8).

У фінальны турнір Кубку Федэрацыі акрамя зборнай Беларусі выйшлі таксама дружыны Іспаніі, Швайцарыі, Бельгіі, Славакіі, Германіі і Расеі. Яшчэ раней месцы ў галоўнай стадыі атрымалі Венгрыя, Чэхія, Аўстралія і Францыя. Апошнім фіналістам амаль дакладна стане каманда ЗША, якая пасля першага дня перамагае Латвію 2-0.

Фінальны турнір у новым фармаце пройдзе 14-19 красавіка ў Будапешце. Каманды будуць падзелены на групы па тры зборныя. Пераможцы кругавога турніру выйдуць у паўфінал.

Беларускае Радыё Рацыя