Кубкавы трылер на “Нёмане”
Сапраўдны футбольны трылер здарыўся ў Гародні на мясцовым стадыёне “Нёман” ў кубкавай сустрэчы мясцовага клубу з “Гомелем”. Пасля першага тайму гаспадары поля безнадзейна “гарэлі” 0:3. Галы забілі Дзмітрый Камароўскі (9-я хвіліна), Антон Мацвеенка (28-я) і Павел Сітко (39-я). Аднак, пасля перапынку нёманцы ўзяліся за справу па-сур’ёзнаму. Павел Рыбак (58-я), Дзмітрый Рэкіш (60-я) і выйшаўшы на замену Дзмітрый Кавалёнак (65-я) імкліва параўнялі лічбы на табло. На 78-й хвіліне Аляксей Лягчылін вывеў гарадзенцаў наперад. Гомельцы паспелі адыграцца на 84-й – вызначыўся Чэлідзэ – 4:4. І ўсё ж апошняе слова засталося за нёманцамі – у дадатковы час Павал Савіцкі на 97-й хвіліне прынёс гаспадарам вікторыю і выхад у чвэрцьфінал Кубку краіны. У іншым матчы дня дынамаўцы Берасця разабраліся на чужым полі з “Гомельчыгдартрансам” – 2:0. Мячы забілі Курловіч (13-я) і Семянюк (27-я). Такім чынам абодва заходнебеларускія клубы працягнуць змаганне за кубак краіны і пуцёўку ў еўракубак. Беларускае Радыё Рацыя