Кудравец, Каратай і Душэўскі — у спісе самых перспектыўных гульцоў свету



Брамнік БАТЭ Андрэй Кудравец, галкіпер „Славіі” Арцём Каратай і паўабаронца „Мінска” Данііл Душэўскі трапілі ў спіс самых перспектыўных гульцоў свету па версіі CIES Football Observatory.

Даследчы цэнтр падрыхтаваў топ маладых гульцоў ва ўзроставай катэгорыі U-20. Аўтары справаздачы разлічвалі сукупны досвед футбалістаў. Для матэматычнага адлюстравання гэтага досведу эксперты CIES вывелі паказчык „капіталу досведу”. Гэтая метрыка акумулюе некалькі паказчыкаў: гульнявы час, узровень матчаў і вынікі.
Кудравец займае высокае другое месца сярод брамнікаў, ён саступае толькі балгарыну Пламену Андрэеву з „Леўскі”. Каратай займае 17-е месца сярод брамнікаў. Душэўскі – 15-ы сярод паўабаронцаў абарончага плана. Лідыруе бельгіец Артур Фермеерэн з „Антверпена”.

Кудравец у вышэйшай лізе-2023 правёў пяць матчаў, адзін з іх на нуль, і прапусціў сем мячоў. У актыве Каратая тры гульні, адна з іх „сухая”, і два прапушчаныя галы. Душэўскі ў пяці матчах забіў гол і аддаў выніковую перадачу.

Галявы пас Багамольскага дапамог „Нафтчы” прабіцца ў фінал Кубка Азербайджана.

„Нафтчы” на хатняй арэне перамог „Туран” у матчы ў адказ 1/2 фіналу Кубка Азербайджана — 2:0. У гаспадароў беларускі нападнік Ягор Багамольскі выйшаў на замену на 77-й хвіліне і аддаў галявы пас у эпізодзе з вырашальным узяццем брамы.

„Нафтчы”, які саступіў у першай сустрэчы 0:1, прабіўся ў наступную стадыю турніру, дзе будзе змагацца з пераможцам пары „Габала” — „Сабаіл”.

„Ман Сіці” разграіміў „Арсенал” ў галоўным матчы фінішу АПЛ

„Манчэстэр Сіці” на хатняй арэне разграміў „Арсенал” у матчы 33-га тура чэмпіянату Англіі — 4:1. Дублем у „гараджан” вызначыўся Кевін Дэ Бройне, яшчэ па мячу забілі Джон Стоўнз і Эрлінг Холанд. У гасцей у канцоўцы вызначыўся Роб Холдынг.

Лонданцы лідыруюць у табліцы з 75 ачкамі, у „Ман Сіці”, які ідзе другім, 73 балы і дзве гульні ў запасе. „Інтэр” абыграў „Ювентус” у матчы ў адказ 1/2 фіналу Кубка Італіі — 1:0. Адзіны мяч у гаспадароў забіў абаронца Федэрыка Дзімарка.

„Чорна-сінія”, якія згулялі з „Юве” ўнічыю ў першай сустрэчы 1:1, выйшлі ў фінал турніру, дзе будуць змагацца з пераможцам пары „Крэманэзе” — „Фіярэнціна” (у першай сустрэчы мацней былі „фіялкі” — 2:0).
„Барселона” прайграла „Раё Вальякана” 1:2 у матчы 31-га тура чэмпіянату Іспаніі. Адзіны мяч за «каталонцаў» на 83-й хвіліне забіў Роберт Левандоўскі. «Барса» з 76 ачкамі лідыруе ў табліцы, апярэджваючы „Рэал” на 11 балаў.

„Мяшкоў Брэст” перамог зборную Беларусі ў таварыскім матчы

Гандбалісты нацыянальнай зборнай Беларусі няўдала правялі першы з трох спарынгаў з беларускімі клубамі. У менскім Доме гандбола падначаленыя Юрыя Шаўцова прайгралі чэмпіёну краіны клубу „Мяшкоў Брэст” 25:30. Наступны кантрольны паядынак зборная Беларусі правядзе 28 красавіка ў гасцях у гандбалістаў „Гомеля”.

Алістраў працягне кар’еру ў „Авангардзе”

Беларускі форвард менскага „Дынама” Уладзімір Алістраў працягне кар’еру ў „Авангардзе”. Пра гэта паведамляе „Укід па борце”.

У 67 матчах „рэгуляркі” Алістраў набраў 29 (12+17) ачкоў, а ў першым раундзе Кубка Гагарына ў шасці гульнях супраць СКА прыплюсаваў  яшчэ 4 (3+1) балы. Паводле інфармацыі крыніцы, Уладзімір будзе зарабляць 45 мільёнаў расейскіх рублёў за год (ці каля 550 тысяч даляраў).

Беларускае Радыё Рацыя