„Куньлунь” скасаваў кантракт з Аляксандрам Кітаравым
„Куньлунь” скасаваў кантракт з беларускім нападнікам Аляксандрам Кітаравым. Пагадненне хакеіста з кітайскім клубам было разлічана да канца гэтага сезона. 33-гадовы форвард у гэтым сезоне прыняў удзел у 6 сустрэчах рэгулярнага чэмпіянату КХЛ, не набраўшы ніводнага ачка пры паказчыку карыснасці „-3” і 2 хвілінах штрафнога часу. Раней Кітараў гуляў у КХЛ за менскае „Дынама” і ніжнекамскі „Нафтахімік”.
З Інстаграм Надзеі Скардзіна знік запіс з крытыкай АМАПу
У Інстаграм алімпійскай чэмпіёнкі па біятлоне Надзеі Скардзіна больш не бачная сторыз пра АМАП. Запіс з крытыкай АМАПа знік прыкладна праз гадзіну пасля публікацыі. „Ненавіджу вас, АМАП! Вы слабавікі, а не сілавікі! І з кожным пабітым вы становіцеся слабей, ператвараецеся ў нелюдзяў! Дакладней, вы ўжо ператварыліся ў іх”, – напісала яна на тэму жорсткага затрымання і збіцця Мікіты Домрачава. Неўзабаве біятланістка пракаментавала прапажу публікацыі: „Мой сторыз выдалілі па нейкай прычыне нязгоды. Напэўна, Інстаграм не падабаецца відэа, як б’юць ні ў чым не вінаватых людзей”.
Сабаленка і Азаранка захавалі пазіцыі ў рэйтынгу WTA, Сасновіч паднялася на тры месцы
Беларуска Арына Сабаленка захавала за сабой 12-е месца ў рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA). Пасля завяршэння адкрытага чэмпіянату Францыі Арына Сабаленка мае ў сваім актыве 3675 ачкоў. Вікторыя Азаранка па-ранейшаму на 14-й пазіцыі, набраўшы 3122 бала, а Аляксандра Сасновіч паднялася з 96-га на 93-е месца, маючы 798 ачкоў. Пераможца „Ралан Гарос” польская тэнісістка Іга Швёнтэк перамясцілася на 17-ы радок, набраўшы 2960 балаў. У першай тройцы Эшлі Барці (Аўстралія), Сымона Халеп (Румынія) і Наомі Осака (Японія).
Іспанская „Барселона” выйграла Лігу чэмпіёнаў па міні-футболе
Іспанская „Барселона” ў трэці раз стала пераможцай Лігі чэмпіёнаў па міні-футболе. У вырашальным паядынку „Барса” абыграла яшчэ адну іспанскую каманду „Мурсію” з лікам 2:1. Да гэтага „Барселона” выйгравала галоўны кантынентальны турнір у 2012 і 2014 гадах. „Мурсія” ў другі раз прайграла ў фінале ЛЧ. У паядынку за бронзу чэмпіёнскай Лігі сустракаліся два расейскіх клубы. Маскоўскі КПРФ толькі ў серыі пасляматчавых пенальці адолеў „Цюмень”, за якую выступае беларус Сяргей Крыкун.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя