Курачкіна выйграла бронзу і ліцэнзію на Алімпіяду



У трэці дзень чэмпіянату свету па жаночай барацьбе, які праходзіць у Нур-султане, Ірына Курачкіна ў вазе 57 кг заваявала бронзавы медаль і алімпійскую ліцэнзію. У паядынку за трэцяе месца Ірына не пакінула шанцаў польскай спартоўцы Йовіце Вжэсень 4:0. Гэтая ўзнагарода пакуль адзіная для беларусаў на планетарным першынстве па барацьбе.

 

«Юнацтва» зноў прайграла «Шахцёру»

Сталічнае «Юнацтва» другі матч запар не змагло выйграць у прынцыповых супернікаў з салігорскага «Шахцёра» ў экстралізе. Калі хатні матч падначаленыя Аляксандра Макрыцкага саступілі па булітах, то ў гасцях развязка наступіла ў авертайме – 3:2. У астатніх матчах тура гарадзенскі «Нёман» упэўнена разабраўся са жлобінскім «Металургам» – 4:0. «Ліда», выдатна згуляўшы ў большасці, разграміла «Гомель» з лікам 5:0 і сышла з апошняга месца ў экстралізе. «Дынама-Маладзечна» на хатняй арэне абыграла «Магілёў» – 6:4. У турнірнай табліцы экстралігі А з 19-ю набранымі ачкамі на першым месцы «Шахцёр», які на адзін бал апярэджвае «Нёман» і маладзечанскае «Дынама», у якіх па 18 пунктаў.

 

Протас адсеяны з «Вашынгтона»

У трэніровачным лагеры «Вашынгтона» прайшоў чарговы адсеў гульцоў, які крануў і беларуса Аляксея Протаса. Беларускі нападнік працягне кар’еру ў Заходняй хакейнай лізе (WHL). Паведамляецца, што гулец з Беларусі вярнуўся ў размяшчэнне свайго ранейшага клуба «Прынс-Альберт Райдэрс» з WHL. За час знаходжання ў складзе «Вашынгтона» беларус правёў у форме гэтай каманды два выставачныя матчы, у якіх адзначыўся 3 (1 + 2) набранымі ачкамі.

 

«Мянчанка» прайграла «Лакамытыву» у Кубку Расеі

Валейбалісткі «Мянчанкі» ў пяці партыях саступілі калінінградскаму «Лакаматыву» ў трэцім туры папярэдняга этапу Кубка Расеі – 2:3. Самай выніковай валейбалісткай у складзе «Мянчанкі» стала Кацярына Сакольчык, на рахунку якой 24 ачкі.

 

Беларускія грацыі з бронзай чэмпіяната свету

Беларускі Кацярына Галкіна, Аліна Гарноська і Анастасія Салос выйгралі бронзавыя медалі каманднага турніру чэмпіяната свету па мастацкай гімнастыцы, які працягваецца ў Баку. Залатыя медалі на рахунку расейскіх грацый Дзіны і Арыны Аверыных, а таксама Кацярыны Селезнёвай. Варта адзначыць, што для беларусак гэта першая ўзнагарода ў камандным турніры за апошнія чатыры гады.

 

Беларусы прайгралі ў Лізе Еўропы

«Астана» саступіла «Манчэстар Юнайтэд» у выязным матчы 1-га тура групавога раўнду Лігі Еўропы – 0:1. Беларускі хаўбек гасцей Іван Маеўскі адыграў усе 90 хвілін сустрэчы. Адзіны гол на 73-й хвіліне гульні забіў 17-гадовы нападнік Мэйсан Грынвуд. «Краснадар» пацярпеў разгромную паразу ад «Базэля» на старце групавога раўнду Лігі Еўропы – 0:5. Беларускі капітан расейскай каманды Аляксандр Мартыновіч адыграў «ад званка да званка» і зарабіў папярэджанне. Маскоўскі ЦСКА, якім кіруе беларускі спецыяліст Віктар Ганчарэнка, пацярпеў разгромную паразу ад «Лудагорца» – 1:5.

 

«Залаты мяч» будуць уручаць лепшаму брамніку

Часопіс France Football, які штогод выбірае лепшага футбаліста і ўручае яму «Залаты мяч», заснаваў узнагароду імя Льва Яшына. Новы трафей нездарма атрымаў імя брамніка савецкай зборнай Льва Яшына. Ён адзіны галкіпер у свеце, які атрымаў прэстыжную ўзнагароду «Залаты мяч». Намінантаў абвесцяць 21 кастрычніка, а другога снежня, падчас цырымоніі ўручэння «Залатога мяча», аматары футбола змогуць даведацца імя лепшага брамніка свету, які атрымае першую ўзнагароду імя Льва Яшына.

 

Дзюдаісты выступяць на Гран-пры ў Ташкенце

Трынаццаць беларускіх дзюдаістаў выступяць на этапе Гран-пры, які пройдзе ў гэтыя дні ў Ташкенце. Сярод беларускіх хлопцаў за ўзнагароды прэстыжных спаборніцтваў пазмагаюцца Дзмітрый Мінько і Дзмітрый Шэршань, Вадзім Шока, Юнус і Юсуп Бекмурзаевы, Ягор Варапаеў, Мікіта Свірыд, Даніэл Мукетэ, Ягор Кухарэнка і Уладзіслаў Цярпіцкі. У дзяўчат на татамі выйдуць Ксенія Даніловіч, Ульяна Мінянкова і Марына Слуцкая. У спаборніцтвах прымуць удзел 467 спартоўцаў з 73 краін.

 

Беларускае Радыё Рацыя