Кур’ёз на матчы „Нёман”-БАТЭ
2 траўня прайшлі паўфінальныя матчы Кубку Беларусі ў адказ. Берасцейскае „Дынама” без праблемаў зноў разабралася з магілёўскім „Дняпром” – на гэты раз на яго полі 4:1. У першым паядынку дынамаўцы ўзялі верх з лікам 2:0 і агулам упэўнена дамагліся свайго.
Гарадзенскі „Нёман” пасля паразы на выездзе 0:2 спрабаваў даць бой барысаўскаму БАТЭ. Сустрэча была больш цікавая сваім антуражам, чым змястоўнасцю самой гульні. Заўзятары чэмпіёнаў краіны вывесілі плакат у падтрымку свайго футбаліста Аляксея Рыаса „Лёша Рыас, папраўляйся!”.
А прыблізна на 16-й хвіліне непадалёк цэнтра поля на палове БАТЭ заструменіў сапраўдны фантан. Гэта нечакана спрацавала аўтаматычная сістэма палівання газону. Праз хвіліны дзьве яе ўдалося адключыць.
У цэлым БАТЭ ўпэўнена кантраляваў гульню і рэдка пускаў нёманцаў у сваю штрафную. Гаспадары поля ахвярна дзеілі ў абароне, але слаба былі здольныя на канструктыўную атаку. У цэлым сустрэча заканамерна завяршылася з лікам 0:0.
У фінале Кубку Беларусі 19 траўня ў Магілёве сустрэнуцца БАТЭ і берасцейскае „Дынама”.
Ладзік Майніч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара