Лапіцкі і Камышык вярнуліся ў менскі СКА



Два вядомыя беларускія гандбалісты вярнуліся ў склад менскага СКА.

З гарадзенскага „Кронана” у армейскі клуб вярнуўся галкіпер Максім Лапіцкі, які гуляў у менскай камандзе з 2011-га па 2016 год. Тэрмін яго цяперашняга кантракту са СКА разлічаны на два гады. Раней ён таксама выступаў у клубах Іспаніі і Літвы. Левы паўсярэдні Дзмітрый Камышык, які гуляў у складзе СКА з 2011-га па 2013-ы і з верасня 2018 га па студзень 2020 года, падпісаў новы кантракт на адзін год. Да гэтага ён выступаў у менскіх клубах „Аркатрон” і „Дынама”, а таксама ў Берасцейскім гандбольным клубе імя Мяшкова. Апошнія некалькі месяцаў Дзмітрый Камышык правёў у расейскай „Няве” з Санкт-Пецярбурга. Раней СКА пакінулі некалькі гульцоў асноўнага складу. Галкіпер Іван Мароз і лінейны Вячаслаў Бохан перайшлі ва ўкраінскі „Матор” з Запарожжа, вопытны брамнік Аляксей Кішоў пераехаў у аўстрыйскі „Швац”, лінейны Аляксей Ушал працягне кар’еру ў вугорскім клубе „Орашхаза”, а Іван Броўка і Дзяніс Рутэнка вырашылі завяршыць гульнявую кар’еру.

Беларусы не трапілі ў зборную зорак гандбольнай Лігі чэмпіёнаў

Беларускія гандбалісты не ўвайшлі ў сімвалічную зборную Лігі чэмпіёнаў сезона 2019/2020. Па выніках галасавання больш за 34 тысяч заўзятараў, праведзенага Еўрапейскай федэрацыяй гандбола, беларускі разыгрываючы Барыс Пухоўскі з украінскага „Матора” (Запарожжа) і лінейны Арцём Каралёк з польскага „Вівэ” (Кельцэ) не патрапілі ў All-star Team ЛЧ.

У яе ўвайшлі: галкіпер – Ніклас Ландзін з нямецкага «Кіля» палявыя гульцы – Мануэл Штрлек, Блаж Благаціншэк (абодва — вугорскі „Веспрэм”), Сандэр Сагасэн, Мікель Хансэн (абодва — французскі „Пары Сен-Жэрмен”), Бенц Банхідзі (вугорскі „Пік”), Алекс Дуйшебаеў ( „Вівэ”, Кельцэ) і Ніклас Экберг з нямецкага „Кіля”. Лепшым маладым гульцом прызнаны Алейкс Гомес з іспанскай „Барселоны”, лепшым трэнерам названы іспанскі настаўнік „Веспрэма” Давід Давіс.

Кубак Беларусі па боксе пройдзе без заўзятараў на трыбунах

Кубак Беларусі па боксе, які прыме Гомель з 6 па 11 ліпеня, пройдзе пры пустых трыбунах у сувязі з эпідэміялагічным становішчам у свеце і краіне. Такая інфармацыя прыводзіцца на афіцыйным сайце ГОЦОР адзінаборстваў, на рынгу якога пройдуць спаборніцтвы. Падчас іх будуць прыняты ўсе эпідэміялагічныя і санітарныя меры ў адпаведнасці з рэкамендацыямі Міністэрства аховы здароўя Беларусі. Цяпер прапрацоўваецца пытанне арганізацыі анлайн-трансляцый.

Абаронца „Гарадзеі” прызнаны найлепшым гульцом 13-га тура

Абаронца „Гарадзеі” Кірыл Паўлючак прызнаны найлепшым гульцом 13-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі па версіі асацыяцыі „Беларуская федэрацыя футбола”. У мінулым туры футбалісты „Гарадзеі” перапынілі сяміматчавую серыю без перамог, разграміўшы на сваім полі гасцей са „Слуцка” з лікам 3:0. 35-гадовы Кірыл Паўлючак не толькі паспяхова згуляў у абароне, але і здолеў забіць трэці гол у гэтай пераможнай сустрэчы. У папярэднім туры лепшым гульцом быў названы сербскі форвард гарадзенскага „Нёмана” Зоран Марушыч.

Зараз турнірную табліцу ўзначальвае БАТЭ, які набраў 27 ачкоў, на два балы менш у футбалістаў „Шахцёра”, па 22 ачкі ў „Энергетыка-БДУ”, „Тарпеда-БелАЗа” і берасцейскага „Дынама”. Матчы 14-га тура 30-га чэмпіянату Беларусі запланаваны на 19-21 чэрвеня.

Лігу чэмпіёнаў згуляюць у фармаце „фіналу васьмі” у Лісабоне

УЕФА прыняло рашэнне адносна правядзення матчаў еўракубкаў. Ліга чэмпіёнаў будзе дагуляная ў фармаце „фіналу васьмі” у Лісабоне. Чвэрцьфіналы будуць праводзіцца з 12 па 15 жніўня, паўфіналы – 18-19 жніўня, фінал запланаваны на 23 жніўня.

Лёсаванне „фіналу васьмі” пройдзе ў Ньёне ў сярэдзіне ліпеня.

Матчы 1/8 фіналу („Ювентус” – „Ліён” і „Барселона” – „Напалі”) пройдуць у Турыне і Барселоне адпаведна 7 і 8 жніўня. Дзе адбудуцца гульні „Манчэстэр Сіці” – „Рэал” і „Баварыя” – „Чэлсі”, не ўдакладняецца.

Суперкубак Еўропы разыграюць 24 верасня ў Будапешце.

Гэтыя рашэнні зацвердзяць на пасяджэнні выканаўчага камітэта, якое адбудзецца 17 чэрвеня. У 1/4 фіналу ўжо выйшлі „Аталанта”, „Атлетыка”, „ПСЖ” і „Лейпцыг”.

Беларускае Радыё Рацыя