Лапцеў выйграў «срэбра» чэмпіянату Еўропы
Беларускі спартовец Генадзь Лапцеў у вагавай катэгорыі 67 кг заваяваў срэбраную ўзнагароду на маладзёжным чэмпіянаце Еўропы па цяжкай атлетыцы, які праходзіць у Бухарэсце.
У двубор’і беларус паказаў вынік 303 кг (138 + 165). Беларускія юніёры Ігар Лозка і Сяргей Шаранкоў выступяць на турніры заўтра. Раней за іх партнёрка па камандзе Людміла Псышчаніца паднялася на вышэйшую прыступку п’едэстала гонару ў двубор’і.
«Шахцёр» вырваў нічыю, «Лакаматыў» прайграў у Лізе чэмпіёнаў
У чатырох групах футбольнай Лігі чэмпіёнаў завяршылася першая палова турнірнай дыстанцыі. У квартэце С данецкі „Шахцёр” прымаў у Харкаве харвацкае „Дынама” з Заграба, і на 16-й хвіліне Яўген Канаплянка вывеў гаспадароў наперад. Дынамаўцы кінуліся адыгрывацца, і праз 9 хвілін Дані Ольма аднавіў раўнавагу. Праз 15 хвілін пасля пачатку другога тайма госці зарабілі пенальці, які рэалізаваў Міслаў Оршыч. Чэмпіёны Украіны не здаліся, і на 75-й хвіліне Дада ўсталяваў канчатковы лік – 2:2. Лідар гэтай групы англійскі „Манчэстэр Сіці” на хатняй арэне разграміў італьянскую „Аталанту” 5:1 – хет-трыкам адзначыўся Рахім Стэрлінг. Маскоўскі „Лакаматыў” саступіў футбалістам турынскага „Ювентуса” з лікам 1:2. Гуляючы ў гасцях у лідара італьянскай серыі А, падначаленым Юрыя Сёміна давялося шмат абараняцца. Адбіўшы націск гаспадароў, масквічы правялі вострую контратаку, і на 30-й хвіліне Аляксей Міранчук адкрыў лік. Пасля перапынку „Юве” цалкам валодаў ініцыятывай, але толькі бліжэй да канца сустрэчы здолеў дамагчыся поспеху: на 77-й і 79-й хвілінах двойчы запар вызначыўся Паула Дзібала. У іншым паядынку групы D іспанскі «Атлетыка» перайграў у Мадрыдзе нямецкі „Байер” з Леверкузена з лікам 1:0, дзякуючы галу Альвара Марата на 78-й хвіліне гульні.
У іншых групах бельгійскі „Бруге” не меў шанцаў супраць „Пары Сен-Жэрмен” – 0:5, „Галатасарай” мінімальна саступіў у багатым на галявыя моманты матчы з мадрыдскім „Рэалам” – 0:1. У групе B „Алімпіякас” даў бой „Баварыі”, але саступіў 2:3, а вось „Тотэнхэм” не меў праблем у матчы з сербскай „Црвенай Звездай” – 5:0.
Футбалісты „Мінска” завяршылі выступы ў юнацкай лізе УЕФА
У матчы ў адказ кваліфікацыйнага раўнда менчукі буйна прайгралі ў гасцях аднагодкам з ангельскага клуба „Дэрбі Каўнці”. Ужо ў першым тайме гаспадары пяць разоў засмуцілі брамнікам Дзяніса Мінкевіча. Пасля перапынку Глеб Жэрдзеў і Іван Вараб’ёў скарацілі разрыў, але потым Морган Уітакер забіў яшчэ двойчы, усталяваўшы канчатковы лік 7:2. У першай гульні, якая адбылася 2 кастрычніка на полі „Мінска”, англічане таксама былі мацнейшыя – 2:0.
„Зубры” прайгралі шосты матч запар
Хакеісты менскага „Дынама” ў першым паядынку чарговай хатняй серыі ў рамках чэмпіянату КХЛ па булітах прайгралі казахстанскаму „Барысу”. Для дружыны Крэйга Вудкрафта гэтая параза стала шостай запар.
На 34-й хвіліне супрацьстаяння лік адкрыў нападнік гаспадароў Франсіс Парэ. Пасля закінутай шайбы „зубры” імкнуліся больш надзейна згуляць у абароне, але за 6 секунд да канца другога перыяду форвард гасцей Ягор Петухоў рэалізаваў большасць і зраўняў лік. У трэцяй дваццаціхвілінцы каманды асцярожнічалі. Ды і ў авертайме не змаглі выявіць мацнейшую. А ў серыі булітаў вікторыю святкаваў „Барыс” – 2: 1.
Наступны матч падначаленыя Крэйга Вудкрафта згуляюць 25 кастрычніка з рыжскім „Дынама”. Завершыцца ж хатняя серыя „зуброў” паядынкам супраць уфімскага „Салавата Юлаева” 27 кастрычніка.
Спунэр будзе выступаць за менскае «Дынама»
Кіраўніцтва менскага „Дынама” пацвердзіла падпісанне кантракту з канадскім хакеістам Раянам Спунэрам. Такая інфармацыя размешчана на сайце „зуброў”. Навабранец з Канады падпісаў са сталічным клубам аднабаковы кантракт да канца сезона. Раян Спунэр выклікаўся ў юніёрскую зборную Канады, за якую адгуляў 6 матчаў на чэмпіянаце свету, закінуўшы дзве шайбы. На драфце НХЛ Райана Спунэра задрафтаваў „Бостан Бруінз”, за які ён упершыню згуляў у сезоне 2012/13. Праз тры гады хакеіст канчаткова замацаваўся ў складзе „Бостана”. У сезоне 2015/16 форвард набраў 49 ачкоў у 80 матчах рэгулярнага сезону НХЛ. У кар’еры канадца таксама выступы за „Нью-Ёрк Рэйнджэрс”, „Эдмантан Ойлерз” і „Ванкувер Кэнакс”.
У агульнай складанасці канадзец правёў у НХЛ 325 матчаў, у якіх набраў 167 ачкоў.
Пальчэўская ўзначаліла маладзёжную зборную па валейболе
Знакамітая валейбалістка Вольга Пальчэўская, якая нядаўна завяршыла гульнявую кар’еру, узначаліла жаночую маладзёжную зборную Беларусі.
Новаму трэнеру трэба будзе падрыхтаваць зборную да выступу ў другім адборавым раўндзе першынства Еўропы. Турнір адбудзецца ў красавіку ў Славакіі. Акрамя каманды-гаспадыні беларускам будуць супрацьстаяць зборныя Чэхіі і Украіны. Каб выйсці ў фінальную частку турніру наўпрост, ім неабходна будзе заняць першае месца ў сваёй групе. За гульнявую кар’еру Вольга Пальчэўская выступала за „Дынама-Славянку”, „Bialystok”, „Лакаматыў” (Баку), „Новы Урэнгой”, гомельскую „Надзею”, баранавіцкі „Атлант” і „Мінчанку”. Пальчэўская з’яўляецца 3-разовай чэмпіёнкай Беларусі, 2-разовай уладальніцай Кубка Беларусі, уладальніцай Кубка Выкліку ЕКВ, а таксама 2-разовай бронзавай прызёркай моладзевага чэмпіянату Еўропы.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: weightlifting.by