Латвія адмовіцца праводзіць ЧС-2021, калі ён будзе праходзіць і ў Беларусі
Латвія адмовіцца праводзіць Чэмпіянат свету па хакеі-2021, калі ён будзе праходзіць і ў Беларусі. Такую выснову можна зрабіць са зместу ліста, адпраўленага ўрадам Латвіі ў Міжнародную федэрацыю хакею, паведамляе tribuna.com.
«Рэпрэсіўныя дзеянні беларускіх уладаў і прымяненне гвалту ў дачыненні да прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ парушаюць міжнародна прызнаныя правы чалавека і дэмакратычныя прынцыпы.
На думку ўраду Латвійскай Рэспублікі, такія дзеянні несумяшчальныя з каштоўнасцямі Міжнароднай хакейнай федэрацыі і, такім чынам, несумяшчальныя са статусам краіны — арганізатара ЧС-2021».
У сувязі з гэтым урад Латвійскай Рэспублікі заклікае «перадаць статус галоўнага арганізатара чэмпіянату свету па хакеі з шайбай 2021 году нейкай іншай краіне».
Чэмпіянат свету запланаваны ў Рызе і Менску з 21 траўня па 6 чэрвеня 2021 года.