Латвія прапанавала правесці ўсе матчы ЧС-2021 у Рызе
Прэзідэнт ІІХФ Рэнэ Фазел паведаміў, што Латвійская хакейная асацыяцыя гатова правесці ўсе матчы ЧС-2021 у Рызе. «Атрымалі прапанову ад Латвіі. Яны сказалі, што гатовыя прыняць 16 каманд на дзвюх арэнах у Рызе. На працягу 5-10 дзён будзе рашэнне па Менску. Нам трэба яшчэ правесці некалькі сустрэч. Калі адменім Менск, то, можа быць, іншыя федэрацыі выйдуць на нас з прапановай, гэта таксама магчыма», – сказаў Фазел.
Турнір раней планавалася правесці ў Менску і Рызе з 21 траўня па 6 чэрвеня. Раней розныя арганізацыі заклікалі ІІХФ перанесці чэмпіянат свету з Менска з-за палітычнага крызісу ў Беларусі.
Менскае «Дынама» прайграла дома «Аўтамабілісту»
Менскае «Дынама» правяло чарговы матч рэгулярнага сезона Кантынентальнай хакейнай лігі. У госці да «зуброў» прыехаў адзін з фаварытаў Усходняй канферэнцыі – «Аўтамабіліст» з Екацярынбурга. Матч скончыўся з лікам 1:2 на карысць гасцей. У першым перыядзе шайбаў гледачы не ўбачылі, хаця дынамаўцы двойчы гулялі ў большасці. У пачатку другога перыяду ўжо «Аўтамабіліст» атрымаў права разыграць лішняга гульца, і ў самым канцы штрафу Пітэр Холанд адкрыў лік. Ён жа аформіў дубль праз дзевяць хвілін. У пачатку трэцяга перыяду „зубры” вярнуліся ў гульню, калі Сцяпан Фалькоўскі магутным кідком адправіў шайбу ў брамку гасцей. У канцы матчу «Дынама» зняло брамніка, але рэалізаваць лішняга гульца мінчукі не змаглі. Менчане прайгралі ўжо тры матчы запар, але па-ранейшаму ўпэўнена размяшчаюцца ў зоне плэй-оф.
Беларускія біятланісты занялі 16-е месца ў эстафеце
Беларускія біятланісты занялі 16-е месца ў эстафеце на этапе Кубка свету па біятлоне ў Оберхофе. Пасля этапаў Мікіты Лабастава і Сяргея Бачарнікава беларусы займалі сёмае месца, але этапы Рамана Елетнава і Антона Смольскага занесці ў актыў зборнай нельга. Елетнаў прабег аж чатыры штрафныя кругі, а Смольскі дадаў яшчэ адзін.
Перамогу ж святкавала зборная Францыі (у складзе Дэсцье, Фіён-Маі, Фабье Клод і Жаклен). Другімі сталі нарвежцы, а на трэцюю прыступку п’едэстала сенсацыйна падняліся італьянцы.
Баскетбалісткі „Гарызонта” перамаглі „Кібіркшціс” ў матчы EWBL
У Менску фінішаваў чарговы этап розыгрышу Еўрапейскай жаночай баскетбольнай лігі (EWBL). Лідар папярэдняй групы В менскі „Гарызонт” святкаваў перамогу над літоўскім клубам „Кібіркшціс” з Вільні з лікам 70:62. У першым паядынку дня аўтсайдэры турніру баскетбалісткі гарадзенскай „Алімпіі” пацярпелі пятую паразу запар, саступіўшы суперніцам з рыжскага ТТТ 41:79. Гэта трэцяя запар вікторыя клуба з латвійскай сталіцы на мінскім этапе спаборніцтваў.
Зборная Польшчы з цяжкасцю абыграла каманду Туніса на ЧС па гандболе
Палякі ў стартавым для сябе матчы абыгралі каманду Туніса ў рамках групавога этапу чэмпіянату свету-2021 па гандболе. Лік сустрэчы 30:28. Таксама напярэдадні вугорцы абыгралі каманду Каба-Вэрдэ — 34:27, а Данія разграміла Бахрэйн — 34:20.
Украінскі форвард падпісаў кантракт з салігорскім „Шахцёрам”
Украінскі нападнік Раман Дзябелка падпісаў кантракт з салігорскім „Шахцёрам”. Ён з’яўляецца выхаванцам СДЮШАР Прыкарпацця. Пасля яе трапіў у акадэмію данецкага „Металурга”. У структуры данецкага клуба – з улікам арэнды ў ерэванскі „Бананц” знаходзіўся аж да канца 2014 года. У 2015 перайшоў у „Сталь” з другога дывізіёна, з якой заваяваў права выступу ў прэм’ер-лізе. У 2017 годзе перайшоў у львоўскія „Карпаты”. У 2018 на правах арэнды выступаў за эстонскую „Леваду”. У 2019-м стаў футбалістам футбольнага клуба „Рыга”, за які гуляў да пераходу ў „Шахцёр”, паведамляе прэс-служба гарнякоў.
Уэйн Руні завяршыў кар’еру
Былы капітан «Манчэстар Юнайтэд» і зборнай Англіі па футболе Уэйн Руні завяршыў кар’еру. Аб гэтым паведамляецца на сайце каманды «Дэрбі Каўнці», у якой ён зараз будзе галоўным трэнерам. Кантракт з 35-гадовым англічанінам падпісаны да лета 2023 года. Руні вырашыў завяршыць гульнявую кар’еру і цалкам сфакусавацца на трэнерскай працы.
– Калі ўпершыню вярнуўся ў Вялікабрытанію, быў цалкам узрушаны патэнцыялам футбольнага клуба «Дэрбі Каўнці». Стадыён, трэніровачная пляцоўка, якасць гульнявога персаналу і маладыя гульцы, і, вядома ж, фанаты, якія засталіся вернымі. Нягледзячы на іншыя прапановы, інтуітыўна ведаў, што «Дэрбі Каўнці» было для мяне добрым месцам, – сказаў Руні.
Руні перайшоў у англійскі клуб у студзені мінулага года ў якасці гуляючага трэнера. У лістападзе футбаліст стаў выканаўцам абавязкаў галоўнага трэнера пасля сыходу Філіпа Коку. У якасці гульца Руні правёў за «Дэрбі Каўнці» 35 матчаў, у якіх забіў 7 галоў і зрабіў 3 выніковыя перадачы. Пад яго кіраўніцтвам клуб знаходзіцца на 22-м месцы ў турнірнай табліцы Чэмпіёншыпа, набраўшы 19 ачкоў пасля 22 праведзеных матчаў. У зборнай Англіі Руні правёў 120 матчаў, у якіх забіў 53 мяча, стаўшы лепшым бамбардзірам у гісторыі нацыянальнай каманды.
Беларускае Радыё Рацыя