Леўчанка паспяхова вярнулася на пляцоўку



Вядомая беларуская баскетбалістка Алена Леўчанка паспяхова правяла свой першы матч за два гады. У канцы студзеня Леўчанка падпісала кантракт з адным з лепшых клубаў Грэцыі – афінскім «Панацінаікасам». Аднаўленне перапыненага яшчэ ў мінулым годзе чэмпіянату зацягвалася з-за каронавіруса, і вось «Панацінаікас» зноў выйшаў на пляцоўку. Каманда Леўчанкі ўпэўнена перамагла «Эсперыдэс Каліотэас» – 64:46. Беларуская цэнтравая выйшла ў стартавай пяцёрцы і правяла на пляцоўцы больш за 27 хвілін. За гэты час яна набрала 13 ачкоў і зрабіла 8 падбораў. Пасля чатырох тураў у «Панацінаікаса» тры перамогі, што дазваляе камандзе размяшчацца ў верхняй частцы турнірнай табліцы. Алена Леўчанка выйшла на пляцоўку пад нумарам 20 у знак падзей 2020 года. «У знак салідарнасці з беларускім народам і з усімі зняволенымі, якія цяпер знаходзяцца ў турмах, з тымі, хто працягвае змагацца за свабоду, – я з вамі, а вы са мной», – напісала Леўчанка на сваёй старонцы ў Instagram.

Футбалісты Беларусі і Гандураса згулялі ўнічыю

Футбалісты нацыянальнай зборнай Беларусі завяршылі ўнічыю першы матч новага сезона. На поле жодзінскага стадыёна „Тарпеда” падначаленыя Міхаіла Мархеля ў таварыскім паядынку разышліся мірам з камандай Гандураса – 1:1. Павел Савіцкі адкрыў лік на 22-й хвіліне. Пасля прапушчанага мяча госці прыкметна актывізаваліся, і за хвіліну да перапынку Аляксандр Лопес магутным ударам са штрафнога зраўняў лік. Праз 10 хвілін пасля старту другой паловы сустрэчы беларусы засталіся ў меншасці пасля выдалення Дзяніса Лапцева, але госці не змаглі скарыстацца колькаснай перавагай, і лік не змяніўся. Для зборнай Беларусі гэты кантрольны матч стаў праверкай сіл перад стартам у адборавым турніры чэмпіянату свету 2022 года. У суботу ў сваім першым паядынку кваліфікацыйнай групы Е беларусы прымуць на поле мінскага стадыёна „Дынама” каманду Эстоніі.

Футбалісты Турцыі перамаглі нідэрландцаў у кваліфікацыі чэмпіянату свету

На футбольных арэнах Старога Свету стартаваў адборавы турнір чэмпіянату свету 2022 года. У першым паядынку еўракваліфікацыі футбалісты зборнай Турцыі ў Стамбуле абыгралі каманду Нідэрландаў з лікам 4:2. Хет-трык аформіў капітан гаспадароў Бурак Йылмаз. У іншых сустрэчах групы G зборная Латвіі ў Рызе саступіла чарнагорцам 1:2, а каманда Гібралтару прайграла на сваім полі нарвежцам 0:3. У кваліфікацыйнай групе Е, у якой згуляюць беларускія футбалісты, прайшлі два матчы. У Бруселі цяперашні лідар рэйтынгу ФІФА зборная Бельгіі абыграла каманду Уэльса 3:1. Зборная Эстоніі ў польскім Любліне была разгромлена футбалістамі Чэхіі 2:6. Францыя ўпусціла перамогу над Украінай 1:1. На 19-й хвіліне лік адкрыў Антуан Грызман. А на 57-й хвіліне Кімпэмбэ забіў аўтагол. У паралельным матчы групы D зборная Фінляндыі згуляла ўнічыю 2:2 са зборнай Босніі і Герцагавіны. Зборная Расіі абыграла Мальту з лікам 3:1 дзякуючы галам Арцёма Дзюбы, Марыё Фернандэса і Аляксандра Собалева. Зборная Харватыі прайграла ў гасцях Славеніі 0:1. Зборная Кіпра і Славакія згулялі ўнічыю 0: 0. Партугалія мінімальна абыграла Азербайджан 1:0, а Сербія адолела Ірландыю 3:2. Наўпрост ў фінальную стадыю планетарнага форуму ад Еўропы выйдуць пераможцы 10 кваліфікацыйных груп. Каманды, якія фінішуюць другімі, а таксама дзве лепшыя зборныя з Лігі нацый правядуць паядынкі за 3 пропускі на чэмпіянат свету.

„Мяшкоў Берасце” перамог гандбалістаў „Кронана” у чэмпіянаце Беларусі

Чарговыя матчы адбыліся на чэмпіянаце Беларусі па гандболе. Лідары мужчынскага першынства гандбалісты клуба „Мяшкоў Берасце” святкавалі 18-ю вікторыю запар, абыграўшы на хатняй арэне гарадзенскі „Кронан” з лікам 36:27. У суботу, чэмпіёны краіны прымуць на пляцоўцы спарткомплексу „Вікторыя” магілёўскі клуб „Машэка”. У іншым матчы дня гандбалісты „Машэкі” у Менску адолелі БДУФК-СКА з мінімальнай перавагай – 31:30. Становішча ў лідыруючай групе зараз такое: „Мяшкоў Брэст” – 36 ачкоў (пасля 18 матчаў), СКА – 26 (пасля 17 гульняў), „Гомель” набраў 22 ачкі ў 16 сустрэчах.

Галоўныя фаварыты жаночага чэмпіянату Беларусі напярэдадні дабіліся перамог на сваіх пляцоўках. Лідар турніру „БНТУ-БелАЗ” разграміў у Мінску аўтсайдэраў спаборніцтваў гандбалістак юнацкай зборнай Беларусі (U-16) – 42:24. Дзеючыя чэмпіёнкі гандбалісткі „Гомеля” разграмілі мінскую „Зорку” з лікам 35:16. У Берасці мясцовы клуб „Вікторыя-Бярэсце” быў мацней за „Віцяблянку” – 42:21. У Гародні „Гараднічанка” перамагла бабруйскую „Бярэзіну” 29:25. Пасля 22 тураў табліцу ўзначальвае „БНТУ-БелАЗ”, у якога 40 ачкоў, „Гомель” адстае на два балы, 34 ачкі ў актыве „Вікторыі-Бярэсце”.

Хакеісты менскага „Юнацтва” умацавалі лідарства ў паўфінальнай серыі плэй-оф

Хакеісты „Юнацтва” абыгралі „Металург-Жлобін” з лікам 6:2 і ўмацавалі лідарства ў паўфінальнай серыі плэй-оф чэмпіянату Беларусі па хакею. Ужо на чацвёртай хвіліне большасць „Юнацтва” рэалізаваў Андрэй Антонаў. Праўда, практычна адразу сталічная каманда прапусціла галявы выпад Яўгена Саламонава, які зраўняў лік, калі ў „сталёвых ваўкоў” было на аднаго гульца больш. Яшчэ ў першым перыядзе шматразовыя чэмпіёны Беларусі дадалі і закінулі тры шайбы „металургам” – вызначыліся Максіма Парфеевец, дубль на свой рахунак запісаў Максім Расейкін. У другім перыядзе „Металург” адыграў адну шайбу, калі адзначыўся Аляксей Міхноў. Але, на жаль жлобінскіх заўзятараў, хутка Дзяніс Мінгалееў зноў павялічыў адрыў „Юнацтва”. На гэтым мінчане не спыніліся, і ў трэцяй 20-хвілінцы Максім Расейкін аформіў хет-трык, закінуўшы шостую шайбу сваёй каманды. Такім чынам, лік у серыі да чатырох перамог стаў 3:1 на карысць мінскага „Юнацтва”.

Беларускае Радыё Рацыя