Лідарам зборнай Беларусі па пляжным футболе не працягнулі кантракты
Па выніках пераатэстацыі нацыянальнай каманды Беларусі, праведзенай Міністэрствам спорту, кантракты на 2021 год з шэрагам гульцоў не будуць падоўжаныя. Прычына, па якой пагадненні не пралангуюцца, не ляжыць у плоскасці спартыўных паказчыкаў. Мяркуючы па ўсяму, справа ў грамадзянскай пазіцыі футбалістаў.
Сярод футбалістаў, якія не змогуць абараняць колеры нацыянальнай зборнай у 2021 годзе, фігуруюць Валерый Макарэвіч, Ігар Брыштэль, Ілля Савіч, Іван Мірановіч і іншыя. Няяснай застаецца сітуацыя з іспанскім трэнерскім штабам каманды, піша «Трыбуна» са спасылкай на «BSRussia».
Адзначым, што Макарэвіч, Савіч і Брыштэль склалі топ-3 у галасаванні за лепшага пляжнага футбаліста Беларусі-2019.
Зборная Беларусі на сёння займае 15-ы радок у сусветным і 6-е месца ў еўрапейскім рэйтынгу зборных.
У жніўні футбалісты зборнай Беларусі па пляжным футболе выступілі супраць гвалту з боку сілавых органаў у дачыненні да пратэстуючых, супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, дзе, па афіцыйных дадзеных ЦВК, перамог Аляксандр Лукашэнка. У спісе футбалістаў, якія падпісалі дасланы тэкст, ёсць вышэйпаказаныя прозвішчы гульцоў, з якімі Мінспорту не падоўжыла кантракт.