Ліга чэмпіёнаў: адсеў слабейшых
Футбалісты расейскага «Зеніта» не змаглі пераадолець групавы этап Лігі чэмпіёнаў, саступіўшы ў заключным туры «Манака» 0:2. Абодва галы былі забіты манегаскамі ў другім тайме. У другім матчы квартэта ўнічыю згулялі «Бенфіка» і «Баер» – 0: 0. «Манака» набраў 11 ачкоў і з першага месца прабіўся ў плэй-оф Лігі чэмпіёнаў, другую пуцёўку заваяваў «Баер». «Зеніт», які заняў трэцяе месца ў групе, працягне выступы вясной у Лізе Еўропы.
Лонданскі «Арсенал» разграміў «Галатасарай» у групе D. Гульня ў Стамбуле скончылася з лікам 4:1 на карысць „кананіраў”. У складзе ангельцаў па два галы забілі Лукаш Падольскі і Рэмсі. У турэцкай каманды вызначыўся Уэслі Снайдэр. У другім матчы квартэта унічыю згулялі дортмундская «Барусія» і «Андэрлехт» – 1:1. Чыра Імобіле на 58-й хвіліне вывеў немцаў наперад, на 84-й Аляксандр Мітравіч аднавіў парытэт. «Барусія» выйшла ў плэй-оф Лігі чэмпіёнаў з першага месца, другім стаў «Арсенал». У вясновай частцы Лігі Еўропы выступ працягне «Андэрлехт».
Лідары групы А сышліся ў вочным супрацьстаянні ў Турыне. «Ювентус» і «Атлетыка» не забілі галоў, і такім чынам, каманда з Мадрыда выйшла ў плэй-оф з першага месца, чэмпіёны Італіі – з другога. У паралельным матчы «Алімпіякас» і «Мальмё» паказалі выніковы футбол, каманда з Грэцыі перамагла з лікам 4:2, забіўшы два вырашальныя мячы незадоўга да фінальнага свістка і забяспечыўшы месца ў плэй-оф Лігі Еўропы.
Мадрыдскі «Рэал» перамог «Лудогорац» – 4:0. Раналду ўпершыню вывеў каманду як капітан і забіў гол. «Рэал» набраў максімальную колькасць ачкоў на групавым этапе і перасягнуў рэкордную серыю «Барселоны» па колькасці перамог запар у Лізе чэмпіёнаў. Пераможная серыя «сметанковых» пачалася яшчэ ў верасні мінулага года. Другім у групе В фінішаваў швайцарскі «Базэль», які згуляў унічыю з «Ліверпулем» на «Энфілдзе» 1:1. Бліскучы гол Стывена Джэрарда ў канцоўцы не ўратаваў мерсісайдцаў. Каманда Роджэрса вясной прыме ўдзел у плэй-оф Лігі Еўропы. “Базэль” жа стварыў больш вострых момантаў і заслужана ідзе далей.
Беларускае Радыё Рацыя