Ліга чэмпіёнаў: град галоў у Мадрыдзе



У футбольнай Лізе чэмпіёнаў вызначыліся першыя чвэрцьфіналісты. Імі сталі мадрыдскі “Рэал” і партугальскі “Порту”.

Каралеўскі клуб у адказным паядынку з нямецкім “Шальке-04” прымусіў пахвалявацца сваіх заўзятараў. Першы матч у Гёльзенкірхене “сметанковыя” упэўнена выгралі 2:0. У Мадрыдзе ж лік адкрылі госці – на 20-й хвіліне вызначыўся Фукс. Праўда, праз 5 хвілін на сэрцы ў іспанскіх заўзятараў адлягло – Крышціяну Раналда параўняў лік, скарыстаўшыся пасам Тоні Кроса. Затым некалі спісаны “Рэалам” Клас-Ян Хунтэлар зноў вывеў наперад “Шальке”. Але зноў праз 5 хвілін Раналда, на гэты раз галавой, зрабіў лічбы на табло аднолькавымі.

У другім тайме Карым Бензема прасунуў мадрыдцаў наперад. Гёльзенкірхенцы ў фестывальным стылі адказалі імкліва – Сане абводным ударам абдурыў самога Ікера Касільяса. А на 84-й Хунтэлар сваім другім голам паставіў “Рэал” на мяжу вылету. Пасля гэтага яшчэ адну сур’ёзную пагрозу ліквідаваў брамнік мадрыдцаў, які ліквідаваў стрэл Сане. У канцоўцы на вышыні зноў быў Касільяс. Выніковыя 4:3 на карысць нямецкай кааманды, але далей крочыць „Рэал”.

Больш тытулаваны “Порту” на сваім полі вёў рэй у паядынку супраць швайцарскага “Базэля”. У актыве пірэнейцаў былі гасцявыя 1:1 пасля першай гульні. У бягучым розыгрышы “Порту” яшчэ нікому не саступаў. А супраць “Базэля” была іншая статыстыка – гуляючы дома ўнічыю, гэты клуб ніколі не праходзіў у двухраўндавых спаборах далей. На 14-й хвіліне Браімі выдатна выканаў штрафны і вывеў гаспадароў наперад. На 47-й хвіліне Эктар Эрэра замацаваў перавагу “цмокаў”. А пасля справа дайшла да разгрому – Казіміра са штрафнога і Абубакар давялі лік да 4:0.

Уладзімір Хільмановіч/Uladzimir Khilmanovich, Беларускае Радыё Рацыя