Ліга чэмпіёнаў па футболе стартуе матчамі ў чатырох групах



Цэнтральным абяцае стаць процістаянне ў квартэце С англійскага „Ліверпуля” і французскага „ПСЖ”. Пачатак сустрэчы ў 22.00. Абедзве каманды ўпэўнена пачалі сезон у нацыянальных чэмпіянатах. З цікавасцю балельшчыкі будуць назіраць за процістаяннем зорных форвардаў Махамеда Салаха („Ліверпуль”) і бразільца Неймара („ПСЖ”). У другім матчы гэтага квартэта сербская „Црвена Зорка” прыме на сваім полі італьянскі „Напалі”.

У групе А згуляюць бельгійскі „Бруге” і нямецкая „Барусія”, французскі „Манака” і „Атлетыка” (Мадрыд).

Крыўдзіцелі барысаўскага БАТЭ ў кваліфікацыі да групавой стадыі турніру футбалісты галандскага „ПСВ” з Эйндховена правядуць стартавы матч групы В на выездзе з „Барселонай”, італьянскі „Інтэр” прыме англійскі „Тотэнхэм”. Гэтыя дзве гульні па рашэнні УЕФА пачнуцца ў 20.00.

Чэмпіён Расеі маскоўскі „Лакаматыў” у групе D у 22.00 згуляе ў Стамбуле з „Галатасараем”. Чыгуначнікі вярнуліся ў самы прэстыжны клубны турнір праз 15 гадоў. Апошні раз падапечныя Юрыя Семіна выступалі ў групавой стадыі ў сезоне-2003/2004 гадоў. Масквічы занялі другое месца ў групе ў процістаянні з „Інтэрам”, „Арсеналам” і кіеўскім „Дынама” і выйшлі ў 1/8 фіналу, дзе па суме дзвюх гульняў (2:1, 0:1) уступілі „Манака”. У другім матчы групы D згуляюць нямецкі „Шальке 04” і партугальскі „Порту”.

Маскоўскі ЦСКА беларускага трэнера Віктара Ганчарэнкі старт у Лізе чэмпіёнаў возьме 19 верасня. У групе G армейцы ў гасцях згуляюць з чэшскай „Вікторыяй”. У гэтым жа квартэце сустрэнуцца „Рэал” (Мадрыд) і італьянская „Рома”.

zviazda.by