Ліга чэмпіёнаў: “Рэал” і “Ювентус” прайшлі ў паўфінал



У розыгрышы футбольнай Лігі чэмпіёнаў на стадыі чвэрцьфіналаў каманды нібыта падзяліліся на два квартэты. Калі ў спаборах “Барселоны” з ПСЖ і “Баварыі” з “Порту” было забіта ажно 17 галоў (адпаведна 11 і 6), то іншая чацвёрка “мучыла” заўзятараў надзвычай “засушлівай” гульнёй. У першым паядынку мадрыдскіх “Рэала” і “Атлетыка” клубы разышліся па нулях. У другім на полі каралеўскага клуба напруга была не меншай, а выніковых стрэлаў ніяк не было. “Рэал” меў перавагу, але ня мог забіць. Да таго ж зноў бездакорна гуляў на браме “матраснікаў” славенскі галкіпер Ян Облак. На 78-й хвіліне з-за другой жоўтай карткі ў “Атлетыка” быў выдалены Арда Туран. “Рэал” пайшоў на вырашальны штурм і ўрэшце дамогся свайго. На 88-й хвіліне пасля выдатнай перадачы Крышціяну Раналду мексіканец Хаўер Эрнандэс прынёс “сметанковым” вікторыю – 1:0. У паўфінал прайшоў “Рэал”.

Турынскі “Ювентус”, які мінімальна адолеў у першай гульні “Манака”, дзякуючы скрайне сумнеўнаму пенальці, імкнуўся на полі каманды з аднайменнага княства ўтрымаць сваю перавагу. Што яму ўрэшце і ўдалося. У самай канцоўцы турынскі майстар Андрэа Пірла „зарадзіў” у папярэчыну, але ў выніку нічыя 0:0, якая вывела „Ювентус” у паўфінал.

Беларускае Радыё Рацыя