Ліга чэмпіёнаў: важкія крокі „Барселоны” і „Баварыі”



Футбалісты «Баварыі» разграмілі «Порту», узяўшы пераканаўчы рэванш за паразу ў першай гульні ў Партугаліі. Сустрэча ў адказ, якая адбылася ў  Мюнхене, завяршылася з лікам 6:1. У складзе нямецкай каманды дубль зрабіў Роберт Левандоўскі, па голе забілі Цьяга Алькантара, Жэром Баатэнг, Томас Мюлер і Хабі Алонса. У партугальцаў вызначыўся капітан – калумбіец Джэксан Марцінес, які забіў першы мяч на «Альянц-Арэне» ў браму гаспадароў у бягучым розыгрышы Лігі чэмпіёнаў. «Баварыя», якая саступіла ў першым матчы з лікам 1:3, прабілася ў паўфінал Лігі чэмпіёнаў. «Барселона» перамагла «ПСЖ» на стадыёне «Камп Ноў» з лікам 2:0.На 14-й хвіліне Андрэс Іньеста абыграў некалькі гульцоў «ПСЖ» і выканаў пранікальны пас на Нэймара, які абвёў брамніка і адкрыў лік. На 34-й хвіліне Дані Алвес зрушыўся ў цэнтр і закінуў мяч за спіну Давіду Луісу, а Нэймар галавой паслаў мяч у блізкі кут, аформіўшы дубль. «Барселона», якая ў першай гульні перамагла «ПСЖ» з лікам 3:1, упэўнена выйшла ў паўфінал. Першыя матчы паўфіналу турніру адбудуцца 5 і 6 траўня.

Yauheni Ivin, Беларускае Радыё Рацыя