Ліга чэмпіёнаў: „Ювентус” выйграў першы матч у „Рэала”
У першым паўфінальным матчы футбольнай Лігі чэмпіёнаў турынскі „Ювентус” на сваім полі адолеў мадрыдскі „Рэал” – 2:1.
„Старая сіньёра” досыць хутка дасягнула першага поспеху. Гэта Альвара Марата, былы гулец „сметанковых” ўдала згуляў на дабіванні пасля стрэлу Карласа Тэвеса. Голу папярэднічала больш двух дзесяткаў дакладных пасоў турынцаў. Ішла 9-я хвіліна. Каралеўскі клуб адыграўся неўзабаве – на 27-й хвіліне Хамес Радрыгес выканаў дакладную падачу і Крышціяну Раналду з блізкай адлегласці „растраляў” Джанлуіджы Буфона.
У другім тайме „Ювентус” зладзіў удалую контратаку, Карлас Тэвес прарваўся ў штрафную і зарабіў пенальці. Які сам жа і рэалізаваў на 58-й хвіліне. Далей напруга не спадала, але памяняць лічбы на табло нікому так і не ўдалося.
6 траўня свой паўфінальны спабор распачнуць мюнхенская „Баварыя” і „Барселона”.
Беларускае Радыё Рацыя