Ліга чэмпіёнаў: жвавая серада



Пасля нуднаватых матчаў аўторка, чвэрцьфінальныя сустрэчы футбольнай Лігі чэмпіёнаў, якія прайшлі ў сераду, парадавалі аматараў відовішча. Партугальскі „Порту” на сваім полі прымусіў капітуляваць мюнхенскую „Баварыю” – 3:1. У першыя дваццаць хвілін „цмокі” двойчы падлавілі супернікаў на недарэчных памылках і двойчы прымусілі чэмпіёна свету Мануэля Ноера выграбаць мяч з сваёй сеткі. Спачатку Рыкарду Кварэжма ўпэўнена рэалізаваў бясспрэчны пенальці, а потым ён жа „пакінуў у дурнях” збянтэжанага Дантэ і ўзорна выкарыстаў выхад сам на сам. Бліжэй да перапынку Ціягу Алькантра скарыстаўся здранцвеласцю абароны гаспадароў і скараціў розніцу ў ліку.  Пасля антракту ўвішны Джэксан Марцінес апярэдзіў Баатэнга і Дантэ і забіў трэці мяч у браму баварцаў. Мюнхенцам цяпер трэба мабілізаваць усе рэсурсы, каб адыграцца на „Альянц-Арэне”.

„Барселона” удала гасцявала на газоне сталіцы Францыі. Пары Сэн-Жэрмен гуляў без дыскваліфікаванага лідара Златана Ібрагімавіча і пацярпеў паразу – 1:3. На 18-й хвіліне лік адкрыў бразілец Нэймар. У другім тайме уругваец Луіс Суарэс двойчы трапна тарпедаваў браму парыжанаў (на 67-й і 79-й хвілінах). І толькі пасля гэтага ПСЖ злаўчыўся на гол прэстыжу – сваё прозвішча на табло запісаў абаронец Грэгары ван дэр Віл. Думаецца, што другая сустрэча стане абавязковай фармальнасцю – „Барселона” свайго ў гэтай пары ўжо не ўпусціць.

Беларускае Радыё Рацыя