Ліга Еўропы: у чвэрцьфінале два ўкраінскія клубы
Вызначыліся ўсе чвэрцьфіналісты футбольнай Лігі Еўропы. Некалькі матчаў чацвяргу завяршыліся разгромам. Кіеўскае “Дынама” “раструшчыла” ліверпульскі “Эвертан” – 5:1. У першым паядынку верх узялі брытанцы – 2:1. У Кіеве ж на “Алімпійскім” умовы дыктавалі дынамаўцы. Ярмоленка на 21-й хвіліне адкрыў лік, на 29-й Лукаку яго параўняў. Але яшчэ ў першым тайме Тэадорчык і Мігел Велозу зноў вывелі наперад украінскую каманду. Пасля антракту Гусеў і Антунеш давялі лік да непрыстойнага, “Эвертан” жа злаўчыўся толькі на суцяшальны гол Джагелкі. Такім чынам у сёлетнім розыгрышы еўракубкаў не засталося аніводнага брытанскага клубу. Такога не было ажно з 1993-га (!) году.
Трэнер Вінчэнца Мантэла ў італійскім дэрбі “Рома” – “Фіярэнціна” знішчыў псіхалагічна свой былы клуб, за які ён правёў нямала слаўных сезонаў. Цяперашні аленаторэ фларэнційцаў склаў бездакорны план, які ўзорна выканалі яго выхаванцы. “Браткі” на “Стадыё Алімпіка” ужо да 22-й хвіліны тройчы прабілі абарону гаспадарскіх “ваўкоў” – выніковыя 3:0 на карысць “Фіярэнціны”. Мячы запісалі на свой баланс Гансала Радрыгес (з пенальці), Маркас Алонса і Басанта. У першай жа сустрэчы было 1:1.
Італійскі “Напалі” пасля ўпэўненай вікторыі дома 3:1 над маскоўскім “Дынамам” распісаў на выездзе гросмайстарскую нічыю – 0:0. Зразумела, што далей ідуць апенінцы.
Зацятае змаганне правялі ў двух паядынках паміж сабой днепрапятроўскі “Дніпро” і амстэрдамскі “Аякс”. У першым матчы мінімальна выйгралі ўкраінцы – 1:0. У Амстэрдаме сустрэча, якую судзіў беларускі арбітр Аляксей Кульбакоў, ішла на сустрэчных курсах. Да перапынку забітых мячоў не было, а пасля антракту вызначыўся аяксід Базур. Сустрэча перайшла ўрэшце ў авертайм. У першым даданым тайме бліскучым абводным стрэлам вызначыўся Яўген Канаплянка, стаўшы галоўным героем дня. На 118-й хвіліне „Аякс” здолеў адзін раз забіць – у выніку 2:1, але за кошт голу на чужым полі квіток у чвэрць фінал заваяваў „Дніпро”.
Яшчэ адна напруга была паміж турэцкім “Бешыкташам” і бельгійскім “Бруге”. У першай сустрэчы верх узялі паўночнікі – 2:1. Дома турэцкі клуб высілкамі Рамона Моты забіў на 48-й хвіліне. На 61-й у “Бруге” вызначыўся дэ Сутэр, а выйшаўшы на замену Мбомба дуплетам канчаткова тарпедаваў турэцкую каманду – 3:1.
Нямецкі “Вольфсбург” пасля хатняй валявой перамогі 3:1 над міланскім “Інтэрам” у гасцях забіў першым – на 24-й хвіліне ў контратацы вызначыўся Даніэль Каліджуры. У другім тайме аргенцінец Радрыга Паласіё выраўняў становішча, але Ніклас Бендтнэр давёў вышэйшы клас германскай каманды – 2:1.
Пірэнейскае дэрбі паміж “Севільяй” і “Вільярэалам” не мела асаблівай інтрыгі, паколькі ў першым спаборы тытулаваныя севільцы перамаглі на чужым полі 3:1. Выйгралі яны і дома – 2:1.
Пецярбургскаму “Зеніту” ледзь хапіла запасу ў два мячы, у Турыне ён прайграў 0:1 мясцоваму “Тарына” (у самым канцы забіў паляк Каміль Глік), але прайшоў у чвэрцьфінал.
Такім чынам поўны склад клубаў-чвэрцьфіналістаў такі: “Напалі”, “Фіярэнціна” (абодва Італія), “Дынама” (Кіеў), “Дніпро” (абодва Украіна), “Вольфсбург” (Германія), “Севілья” (Іспанія), “Зеніт” (Расея), “Бруге” (Бельгія).
Уладзімір Хільмановіч/Uladzimir Khilmanovich, Беларускае Радыё Рацыя