Лісаковіч стаў аўтарам лепшага гола 16-га тура
Форвард салігорскага „Шахцёра” Віталь Лісаковіч стаў аўтарам самага прыгожага гола 16-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі. У пераможнай гасцявой гульні з жодзінскім „Тарпеда-БелАЗам” (4:1) Віталь Лісаковіч аформіў галявы дубль. На думку заўзятараў, якія прымалі ўдзел у галасаванні, лепшым стаў яго першы гол, эфектна забіты на 57-й хвіліне сустрэчы. Акрамя таго, Віталь Лісаковіч быў прызнаны найлепшым гульцом мінулага тура. Зараз ён разам з узбекскім форвардам Джасурбекам Яхшыбоевым узначальвае бамбардзірскую гонку чэмпіянату Беларусі, забіўшы дзевяць мячоў. Дарэчы маскоўскі „Лакаматыў” у бліжэйшыя дні павінен дамовіцца аб пераходзе Віталя Лісаковіча. Пра гэта паведамляе sport-express.ru.
Вызначыліся паўфіналісты Кубка Беларусі па футболе сярод жаночых каманд
У розыгрышы Кубка Беларусі па футболе сярод жаночых каманд вызначыліся ўсе ўдзельнікі паўфінальнай стадыі. Лідар цяперашняга нацыянальнага чэмпіянату менскае „Дынама-БДУФК” у паўторным чвэрцьфінальным матчы зноў абыграў срэбранага прызёра мінулага чэмпіянату краіны менскую „Зорку-БДУ” з лікам 5:3. У першай сустрэчы яны перамаглі з лікам 6:0. Гарадзенскі „Нёман” на сваім полі разграміў выхаванак Берасцейскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву – 12:0. У Берасці гарадзенскія футбалісткі таксама былі мацнейшыя – 6:0.
Спартоўкі „Бабруйчанкі” сустракаліся з магілёўскім „Дняпром” і выйгралі з мінімальным перавагай – 2:1. У Магілёве лік таксама быў на карысць бабруйскіх футбалістак — 3:2. Цяперашнія ўладальнікі Кубка і чэмпіёнкі краіны футбалісткі „Менска” ўступяць у барацьбу з паўфіналу. Жаночая каманда ФК „Менск” выйгравала Кубак восем разоў, дзесяць трафеяў у „Бабруйчанкі”, магілёўская „Надзея” чатыры разы перамагала ў кубкавым турніры, па тры разы ўладальніцамі Кубка станавіліся спартоўкі „Зоркi-БДУ” і віцебскага „Універсітэта” .
«Лехія» выйшла ў фінал Кубка Польшчы
Вызначыўся другі фіналіст Кубка Польшчы па футболе. У паўфінальным матчы «Лех» з Познані прымаў на сваім полі «Лехію» з Гданьска.
Асноўны час матчу завяршыўся з лікам 1:1. У дадатковы час галоў забіта не было, і фіналіст у выніку вызначаўся ў серыі пенальці. Адзінаццаціметровыя дакладней выконвалі футбалісты «Лехіі» – два промахі супраць трох у «Леха». У фінале Кубка Польшчы «Лехія» згуляе з «Краковіяй».
ЦСКА на выездзе разграміў „Арэнбург” у матчы 27-га тура футбольнага чэмпіянату Расеі
Футбалісты маскоўскага ЦСКА пад кіраўніцтвам беларускага трэнера Віктара Ганчарэнкі разграмілі „Арэнбург” з лікам 4:0 у гасцявым матчы 27-га тура чэмпіянату Расеі. У першым тайме лік адкрыў Фёдар Чалаў, а пасля перапынку Нікола Влашыч, Георгій Шчэннікаў і Іван Аблякоў давялі справу да разгрому. Беларускія галкіпер „Арэнбурга” Андрэй Клімовіч і абаронца Міхаіл
Сівакоў правялі ўвесь матч, форвард ЦСКА Ілля Шкурын не гуляў з-за траўмы.
Таксама „Зеніт”, які ў мінулым туры ўжо забяспечыў сабе чэмпіёнскі тытул, абыграў у Санкт-Пецярбургу футбалістаў „Сочы” – 2:1.
«Эспаньёл» упершыню за 27 гадоў вылецеў у Сегунду
Пасля пройгрышу ў дэрбі з «Барселонай» з лікам 0:1 «Эспаньёл» страціў шанцы на захаванне месца ў Прымеры. Барселонцы пакідаюць вышэйшы дывізіён упершыню з 1993 года. Адзіны гол у матчы забіў на 56-й хвіліне Луіс Суарэс пасля таго як у абедзвюх камандах суддзя выдаліў па аднаму гульцу за грубую гульню. «Барса» працягвае гонку за лідарам – мадрыдскім «Рэалам».
У матчы 34-га тура англійскай Прэм’ер-лігі «Манчэстар Сіці» прымаў «Ньюкасл Юнайтэд». Сустрэча завяршылася перамогай гаспадароў з лікам 5:0. Галы за «гараджан» забілі Габрыэль Жэзус, Рыяд Марэз, Давід Сільва, Рахім Стэрлінг і гулец «Ньюкасла» Федэрыка Фернандэс, які адправіў мяч ва ўласную браму. «Ліверпуль» у статусе чэмпіёна перамог «Брайтан». Дублем адзначыўся Махамед Салах, яшчэ адзін мяч гасцей забіў Джордан Хендэрсан. Лік сустрэчы 3:1.
Беларускае Радыё Рацыя