Лісаковіч забіў мяч у нічыйным матчы „Рубіна” супраць „Нафтахіміка”



У матчы другога дывізіёна чэмпіянату Расеі „Рубін” на выездзе згуляў унічыю з „Нафтахімікам” — 2:2. Беларусы Віталь Лісаковіч і Аляксандр Мартыновіч адыгралі ў складзе гасцей „ад званка да званка”, прычым першы з іх забіў мяч. „Рубін”, у чатырох сустрэчах набраўшы пяць ачкоў,  займае дзявятае месца.

Мікалай Януш забіў першы мяч за салігорскі „Партызан” у другой лізе

Трэнер салігорскага „Партызана” Мікалай Януш забіў першы мяч за каманду ў другой лізе. Экс-форвард зборнай Беларусі вызначыўся ў матчы са „Старымі Дарогамі”, які яго каманда выйграла 3:0. Януш правёў другую гульню за „Партызан” у якасці гуляючага трэнера.

Салігорская каманда лідыруе ў групе „Менская вобласць. Поўдзень”, у актыве каманды 30 ачкоў у 11 матчах.

Датчане рассудзяць сустрэчу футбалістаў „Шахцёра” і ЧФР у кваліфікацыі Лігі канферэнцый

Дацкая брыгада арбітраў прызначана на паядынак у адказ салігорскага „Шахцёра” і румынскага ЧФР 3-га раўнда кваліфікацыі футбольнай Лігі канферэнцый. Галоўным арбітрам сустрэчы, якая адбудзецца 11 жніўня ў Клуж-Напацы, будзе 34-гадовы рэферы ФІФА Мортэн Крог. У першай гульні, якая адбылася 4 жніўня на полі стадыёна „Сакар’я Атацюрк” у турэцкім Адапазары, чэмпіёны Беларусі і Румыніі гулялі вельмі асцярожна і ні разу не змаглі забіць – нічыя 0:0.

Пераможца гэтага двухматчавага супрацьстаяння паспрачаецца за выхад у групавы этап з няўдачнікам сустрэч паміж славенскім „Марыбарам” і фінскім ХІКам з Хельсінкі ў кваліфікацыі Лігі Еўропы.

13 мячоў Баранава дапамаглі „Мяшкоў Берасце” разграміць астраханскае „Дынама”

„Мяшкоў Берасце” разграміў астраханскае „Дынама” у перадсезонным таварыскім матчы — 35:25.
13 мячоў за „мяшкоўцаў” закінуў Максім Баранаў.

У першым спарынгу „Берасце” быў мацней за дынамаўцаў з лікам 28:26. Потым моладзевы склад мяшкоўцаў саступіў гасцям з Расеі — 19:24.

Уладальнік Кубка Гагарына можа перайсці ў жлобінскі „Металург”

Расійскі нападнік Міхаіл Анісін можа працягнуць кар’еру ў жлобінскім „Металургу”. Хакеіст знаходзіцца ў Жлобіне, ён можа згуляць у Кубку Салея. У мінулым сезоне Анісін выступаў за „Чабаксары” і ў 12 сустрэчах першынства ВХЛ набраў 11 (5+6) ачкоў.

Анісін з’яўляецца ўладальнікам Кубка Гагарына-2012 у складзе маскоўскага „Дынама”. За кар’еру ў КХЛ ён набраў 202 (106+96) ачкі ў 382 гульнях.

Беларускае Радыё Рацыя