„Ліверпуль” абыграў „Вільярэал” і выйшаў у фінал Лігі чэмпіёнаў



У матчы ў адказ паўфіналу Лігі чэмпіёнаў „Вільярэал” прымаў „Ліверпуль”. Гульня праходзіла на стадыёне «Кераміка – Эль-Мадрыгал» у Вільярэале  і завяршылася перамогай гасцей з лікам 3:2. «Вільярэал» адкрыў лік ужо на 3-й хвіліне гульні — забітым мячом пасля прыгожай камбінацыі вызначыўся Булае Дыя. На 41-й хвіліне іспанцы забілі другі мяч – аўтарам гола стаў Франсіс Каклен. Каманда Унаі Эмеры зраўняла лік па суме двухматчавага супрацьстаяння. Аднак інтрыга жыла нядоўга. Ужо на 62-й хвіліне гульні «Ліверпуль» забіў свой першы гол дзякуючы намаганням Фабіньё. На 67-й хвіліне мерсісайдцы зраўнялі лік дзякуючы ўзяццю брамы Луіса Дыяса, які выйшаў на замену. А на 74-й хвіліне „Ліверпуль” забіў трэці мяч пасля ўдалых дзеянняў Садыё Манэ і канчаткова зняў пытанні аб тым, хто атрымае пуцёўку ў фінал Лігі чэмпіёнаў. Каманда Юргена Клоппа выйшла ў фінал Лігі чэмпіёнаў, дзе сустрэнецца з пераможцам пары „Рэал” — „Манчэстэр Сіці”. Паўторная гульня адбудзецца сёння ў Мадрыдзе, а ў першай, нагадаю, перамагла каманда Хасэпа Гвардыёлы 4:3.

„Металург” аб’явіў аб працягу кантракта з Яўгенам Саламонавым

„Металург” і нападнік Яўген Саламонаў аформілі новую дамову — капітан „ваўкоў” застанецца ў камандзе яшчэ найменш на год, паведамляе прэс-служба жлобінскага клуба.

Маючы адбыцца сезон стане для форварда чацвёртым у складзе жлобінскага клуба. За тры папярэднія Яўген згуляў за „Металург” 170 матчаў у чэмпіянаце Беларусі з улікам плей-оф, набраў у іх 93 (39+54) ачкі. У лютым Саламонаў стаў 12-м хакеістам у гісторыі экстралігі, якому скарылася адзнака ў 200 галоў у беларускім чэмпіянаце.

Аляксей Протас прызнаны лепшым навічком сезона ў складзе „Хершы”

Беларускі форвард Аляксей Пратас прызнаны лепшым навічком „Хершы” па выніках сезона-2021/22. Пра гэта паведамляе прэс-служба фарм-клуба „Вашынгтона”. У рэгулярным чэмпіянаце Протас набраў 24 (8+16) ачкі ў 42 матчах пры паказчыку карыснасці „-3”. Аляксей выступаў за „Хершы” і ў мінулым, скарочаным, сезоне, аднак тады ён правёў за каманду менш за 20 матчаў, а таму лічыўся навічком і ў цяперашнім чэмпіянаце. Протас у гэтым сезоне таксама дэбютаваў і ў НХЛ. У складзе „Вашынгтона” беларус згуляў 33 матчы і набраў 9 (3+6) ачкоў пры паказчыку карыснасці „+4”.

L’Equipe: беларускі трэнер Ягор Яцык быў дапытаны французскай паліцыяй па справе аб дамоўных матчах

Беларускі спецыяліст Ягор Яцык, які трэніраваў расейскага тэнісіста Аслана Карацава, падчас турніру „Ралан Гарос” у верасні–кастрычніку 2020 года быў дапытаны французскай паліцыяй па справе аб арганізацыі дамоўных матчаў. Паводле звестак крыніцы французскага выдання „Экіп”, Яцыка дапытвалі пасля паказанняў Альбіны Хабібулінай (Узбекістан) і Ксеніі Палкінай (Кыргызстан), якія пазней былі адхілены ад тэнісу за дамоўныя матчы. Пасля допыту паліцыя не выставіла Яцыку афіцыйныя абвінавачанні, і ён быў адпушчаны на волю.

Увосень 2021 года Карацаў і Яцык завяршылі супрацоўніцтва пасля 3,5 гадоў сумеснай працы.

Беларускае Радыё Рацыя