Лучніцы Казлоўская і Дзёмінская завяршылі змаганне за ўзнагароды



Беларускія лучніцы Карына Казлоўская і Карына Дзёмінская завяршылі змаганне за ўзнагароды Алімпійскіх гульняў у Токіа ў асабістым турніры.

Карына Казлоўская на стадыі 1/32 фіналу саступіла фаварыту з Мексікі Алехандро Валенсіі 0:6. На гэтым спартоўка з лацінаамерыканскай краіны не спынілася і ў 1/16 фіналу нанесла паразу Карыне Дзёмінскай – 5:3. Беларуска пакідае алімпійскі турнір з адной перамогай у актыве.

Такім чынам, барацьбу за ўзнагароды алімпійскага турніру ў асабістым першынстве ў жанчын з беларускіх лучніц працягвае Ганна Маруава, якая выступіць заўтра. Таксама завяршылі змаганні ў Токіа беларускія весляры – два беларускія экіпажы – мужчынскай двойкі ворнай і жаночага дуэта лёгкай вагі. У заездзе, па выніках якога вызначыліся ўладальнікі 7-12-х месцаў на галоўных стартах чатырохгоддзя, Сяргей Валадзько і Дзмітрый Фурман прыйшлі да фінішу другімі і занялі 8-е месца ў выніковым пратаколе. Алена Фурман і Іна Нікуліна фінішавалі ў сваім фінале на 5-й пазіцыі і сталі 11-мі па выніках гульняў.

Дзюдаіст Мікіта Свірыд завяршыў выступы на Алімпіядзе

Дзюдаіст Мікіта Свірыд, які выступае ў вазе 100 кг, завяршыў выступы на Алімпіядзе. Беларускі спартовец у стартавым паядынку пацярпеў паразу ад нямецкага атлета Карла-Рыхарда Фрэя. Да канца асноўнага часу паядынку ў беларуса і немца было на рахунку па два „сідо”.

Сустрэча перацякла ў дадатковы час, незадоўга да завяршэння якога Карл-Рыхард Фрэй зарабіў „іпон” і прайшоў у наступны раўнд алімпійскага турніру. Па інфармацыі з прэс-службы НАК Беларусі, Мікіта Свірыд атрымаў траўму і адправіўся ў медпункт.

Трох беларускіх лёгкаатлетаў не дапусцілі да Алімпіяды

Трох беларускіх лёгкаатлетаў не дапусцілі да Алімпіяды. Пра гэта паведамляе Незалежны лёгкаатлетычны орган па барацьбе з негатыўнымі з’явамі. Прычынай называецца невыкананне аднаго з пунктаў антыдопінгавых правіл. У перыяд, калі не праводзяцца спаборніцтвы, спартоўцы павінны прайсці тры допінг-тэста з інтэрвалам не менш за тры тыдні на працягу 10 месяцаў. Інакш атлет не атрымае права прадстаўляць сваю краіну і на Алімпійскіх Гульнях, і на Алімпіядзе.

Агулам не дапушчана да Гульняў у Токіа 20 лёгкаатлетаў. Акрамя трох беларусаў, гэта трое ўкраінцаў, 10 прадстаўнікоў Нігерыі, 2 — Кеніі, па адным спартоўцы з Эфіопіі і Марока. Прозвішчы спартоўцаў не называюцца. Якраз напярэдадні стала вядома, што ў Токіа не выступіць лёгкаатлетка, скакуха ў вышыню Марыя Жодзік. Відавочна, што яна са згаданага спісу, паколькі прычынай называлася недастатковая колькасць допінг-тэстаў за сезон. Выхаванка Баранавіцкай СДЮШАР N2 павінна была вылецець у Токіа 2 жніўня і 5 жніўня выступіць у кваліфікацыі ў скачках у вышыню.

Медалістамі Алімпіяды сталі прадстаўнікі 62 краін, але не Беларусі

На Алімпійскіх гульнях у Токіо завяршыўся пяты спаборніцкі дзень. Па яго выніках медальная табліца пашырылася да 62 краін. Лідарства па-ранейшаму ўтрымлівае Японія. У спартоўцаў гэтай краіны ўжо 13 залатых медалёў, 4 срэбраныя і 5 бронзавых. Далей у першай тройцы Кітай (12 залатых, 6 сярэбраных, 9 бронзавых) і ЗША (11 залатых, 11 срэбраных і 9 бронзавых), перадае Рressball.by. Беларуская дэлегацыя медалёў у актыве пакуль не мае.

Даніла Клімовіч заключыў трохгадовы кантракт з „Ванкувер Кэнакс”

Беларускі форвард Даніла Клімовіч заключыў трохгадовы кантракт пачаткоўца з клубам НХЛ „Ванкувер Кэнакс”. Пра гэта паведамляе ў Твітэры вядомы агент Дэн Мільштэйн. У мінулым сезоне 18-гадовы Клімовіч выступаў за „Дынама-Маладзечна” у экстралізе „А” і „Менскіх зубрах” ў вышэйшай лізе. На мінулым драфце НХЛ яго выбралі ў другім раўндзе

Шэрыф Жымо прыбыў на прагляд у гарадзенскі „Нёман”

Івуарыйскі абаронца Шэрыф Олатундэ Жымо прыбыў у гарадзенскі „Нёман” на прагляд. Пра гэта паведамляе прэс-служба. Выхаванец „Атлетыка” з Аджамэ ў 2019 годзе перайшоў у «Сан-Пэдра” з аднайменнага гораду, у якім гуляе на працягу апошніх трох сезонаў. У мінулым чэмпіянаце разам са сваёй камандай стаў срэбраным прызёрам чэмпіянату Кот-д’Івуара. З 2013 года Жымо прыцягваўся да гульняў моладзевых зборных каманд сваёй краіны. Выступаў на чэмпіянаце свету сярод юнацкіх каманд у 2013 годзе, маладзёжным чэмпіянаце Афрыкі ў 2015 годзе. У галоўнай камандзе краіны дэбютаваў у кастрычніку 2015 года і згуляў за нацыянальную зборную Кот-д’Івуара 7 матчаў.

Беларускае Радыё Рацыя