Лукашэнка прыедзе на адкрыццё чэмпіянату свету па футболе
Цырымонію адкрыцця чэмпіянату свету па футболе ў Расеі, якая пройдзе ў Маскве 14 чэрвеня, плануюць наведаць кіраўнікі розных дзяржаў, у тым ліку Аляксандр Лукашэнка, паведаміў журналістам 13 чэрвеня ў расейскай сталіцы прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў.
Ён адзначыў, што ўвесь час абнаўляецца спіс замежных гасцей, „хто раздзеліць з намі радасць чэмпіянату свету па футболе”. „У нас будзе прэзідэнт Рэспублікі Абхазія [Рауль] Хаджымба, Азербайджана — [Ільхам] Аліеў, я ўжо сказаў, Арменія — [Нікол] Пашынян — назваў, прэзідэнт Беларусі [Аляксандр] Лукашэнка, Балівію назваў, прэзідэнт Казахстана [Нурсултан] Назарбаеў, прэзідэнт Кіргізіі [Сааранбай] Жээнбекаў „, — цытуе Пяскова ТАСС.
Прэс-сакратар дадаў, што чакаецца прыезд прэм’ер-міністра Лівана Саада Харыры, прэзідэнта Малдовы Ігара Дадона, прэзідэнта Рэспублікі Панама Хуана Карласа Варэла, новага прэзідэнта Парагвая Марыя Абда Бенітэса, наследнага прынца Саудаўскай Аравіі Мухамеда бен Сальмана Аль Сауда, прэзідэнта Таджыкістана Эмамалі Рахмона, прэзідэнта Узбекістана Шаўката Мірзіёева, прэзідэнта Паўднёвай Асеціі Анатоля Бібілава.
„Гэта тыя, хто будзе заўтра на адкрыцці, каго мы чакаем, каго будзе прымаць на адкрыцці прэзідэнт Пуцін разам з кіраўніком ФІФА [Джані] Інфантына, ну, і далей на працягу месяца кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў працягнуць прыязджаць да нас, у тым ліку ў першую чаргу для таго, каб наведваць матчы сваіх каманд”, — сказаў прадстаўнік Крамля.
Атрымаць пацвярджэнне інфармацыі аб удзеле Лукашэнкі ў адкрыцці чэмпіянату свету ў Маскве ў прэс-службе прэзідэнта Беларусі пакуль не ўдалося.
Сусветнае першынство пройдзе з 14 чэрвеня па 15 ліпеня на 12 стадыёнах ў 11 гарадах Расеі. Цырымонія адкрыцця адбудзецца заўтра на стадыёне „Лужнікі” перад стартавым матчам турніру паміж зборнымі РФ і Саудаўскай Аравіі.