Ля штаб-кватэры МАК прайшоў пікет у падтрымку беларускіх спартоўцаў
Прадстаўнікі Беларуска-швейцарскай асацыяцыі Razam.ch правялі ў Лазане пікет і мітынг у падтрымку рэпрэсаваных беларускіх спартоўцаў ля штаб-кватэры Міжнароднага алімпійскага камітэта, паведамляе прэс-служба Беларускага фонду спартовай салідарнасці.
Падтрымку акцыі выказалі дэпутаты швейцарскага парламента, прадстаўнікі прафсаюзаў, навукоўцы і студэнты. Мітынгоўцы неслі плакаты з партрэтамі Алены Леўчанкі, Паўла Сіценкова, Мікалая Казекі, Святланы Кудзеліч і іншых пацярпелых спартоўцаў і трэнераў.
Пасля заканчэння мерапрыемства актывісты беларускай дыяспары па запрашэнні прадстаўнікоў МАК правялі перамовы з чыноўнікамі, абмеркаваўшы сітуацыю ў Беларусі і факты ціску на спартоўцаў.
Хакеісты менскага „Дынама” саступілі маскоўскаму ЦСКА ў матчы чэмпіянату КХЛ
Хакеісты менскага „Дынама” саступілі маскоўскаму ЦСКА ў матчы чэмпіянату КХЛ — 1:5. З самага пачатку сустрэчы масквічы пазначылі сваю перавагу, зрабіўшы стаўку на высокі прэсінг. Да сёмай хвіліны гульні Мікіта Талапіла спраўляўся з кідкамі армейцаў. Аднак на гэтым часовым адрэзку стартавага перыяду Сяргей Андронаў паспяхова адкрыў лік. „Зубры” паспрабавалі змяніць сітуацыю, але да сігналу на перапынак лік не змяніўся. У другім перыядзе першымі зноў вызначыліся армейцы. На 32-й хвіліне матчу Міхаіл Навуменка падвоіў перавагу сваёй каманды. „Зубры” адыгралі адну шайбу, апынуўшыся ў меншасці. Вызначыўся Ягор Шаранговіч. Зрэшты, не паспелі хакеісты каманды Крэйга Вудкрафта адсвяткаваць гэтае ўзяцце брамкі, як Максім Шалуноў зноў засмуціў Мікіту Талапілу.
У трэцім перыядзе хакеісты ЦСКА яшчэ раз засмуцілі брамніка мінчукоў. Аўтарам чацвёртай шайбы стаў Мікалай Галдобін. Нягледзячы на ўсе намаганні гульцоў „Дынама”, лік змяніўся не на іх карысць. За імгненне да фінальнай сірэны Марыё Кемпа ўсталяваў канчатковы лік сустрэчы. Такім чынам, хакеісты ЦСКА нанеслі „зубрам” чацвёртую запар паразу ў чэмпіянаце КХЛ. Наступны матч падначаленыя Крэйга Вудкрафта правядуць 25 кастрычніка на лёдзе „Менск-Арэны”. Супернікам „Дынама” будзе чарапавецкая „Северсталь”. Затым менчукоў чакае хатні матч супраць рыжскага „Дынама”, прызначаны на 28 кастрычніка.
Вікторыя Азаранка выйшла ў паўфінал турніру ў Астраве
Вікторыя Азаранка выйшла ў паўфінал турніру ў чэшскай Астраве. Беларуска, якая займае 14-е месца ў сусветным рэйтынгу, у чвэрцьфінале за паўтары гадзіны выйграла ў двух сэтах у бельгійскай тэнісісткі Эліз Мёртэнс, якая знаходзіцца на 21-й пазіцыі, – 6:4, 6:1. Сёння ў паўфінале суперніцай Вікторыі Азаранкі будзе грачанка Марыя Сакара – 23-і нумар рэйтынгу WTA. На мужчынскім турніры серыі „Чэленджэр” у турэцкім Стамбуле беларус Ілля Івашка абыграў прадстаўніка Казахстана Дзмітрыя Папко – 6:4, 6:0. У паўфінальным паядынку беларускі тэнісіст сустрэнецца з французам Бенджамінам Банзі.
Арцём Мілеўскі можа змяніць берасцейскае „Дынама” на „Пафас”
Украінскі нападнік берасцейскага „Дынама” Арцём Мілеўскі атрымаў прапанову ад кіпрскага „Пафасу”. Клуб, які нядаўна ўзначаліў экс-трэнер „Дняпра-1” Дзмітрый Міхайленка, рыхтуецца зрабіць прапанову ўкраінцу на паўгода. Новы кантракт уступіць у сілу са студзеня, калі 35-гадовы экс-форвард зборнай Украіны яго падпіша. У гэтым сезоне чэмпіянату Беларусі Мілеўскі правёў 22 матчы, у якіх забіў чатыры мячы і аддаў чатыры выніковыя перадачы.
Вызначыліся пераможцы каманднага турніру рапірыстаў на чэмпіянаце Беларусі па фехтаванні
Сярод мужчын не было роўных спартоўцам з другой каманды Берасця, за якую выступалі Уладзімір Бутэнка, Аляксей Крэсцін, Яўген Цыбуля і Аляксандр Шалянкоў. Іх землякі з першай дружыны занялі 2-е месца. Замкнула тройку наймацнейшых зборная Мінска. У стартах жанчын не было роўных рапірысткам з Гомельскай вобласці Ганне Андрэенцы, Яне Андрэенцы, Аляксандры Вераб’ёвай і Ганне Сцяпанавай. Срэбраныя медалі выйгралі спартоўкі Берасця. Сталічныя фехтавальшчыцы сталі ўладальніцамі бронзы.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: sport.tut.by